Што цяпер з рэканструкцыяй палацу Горватаў у Нароўлі? З’явіліся фота

Ужо некалькі гадоў сіламі энтузіястаў працягваецца рэканструкцыя палаца Горватаў у Нароўлі. 6 чэрвеня сталі вядомыя апошнія навіны.

1_992.jpg

Калі раптам каму цікава, як ідуць справы на рэстаўрацыі нараўлянскага палацу Горватаў, распавядаю, — піша ў сваім тэлеграм-канале журналіст Пётр Кузняцоў, які разам з паплечнікамі займаецца праектам. —

Пасля атрымання ўсіх дазволаў, будаўнічыя працы мы пачалі. Проста зараз ідуць наступныя працэсы:

1) Вывозіцца будаўнічае смецце, якое замінае доступу тэхнікі да аб'екту і якога там — вялікія горы (хто бачыў, разумее);

2) Замоўленыя і чакаюцца недастаючыя піламатэрыялы для перакрыцьцяў і даху;

3) Ідзе працэс замоўлення металу для даху;

4) Амаль скончаны (мяркую, сёння будзе скончаны) працэс зносу (дэмантажу) калонаў, якія былі прыбудаваны за савецкім часам. Тут крыху патлумачу. Гістарычна на другім паверсе палацу была бальная зала, але пры Саветах яе, натуральна, ўпразнілі і сярод яе пабудавалі чатыры калоны — якая ж тут ўжо потым магла быць бальная заля.

Зараз па праекце, дзеля аднаўленьня гістарычнасьці памяшкання, яшчэ перад будоўляй даху, мы мусім дэмантаваць гэтыя калены і пабудаваць з балак перакрыцці. Чым непасрэдна і займаемся.

Сёння, па хадзе таго, што адбываецца, магу сказаць, што сам працэс накрыцця палацу — гэта будзе завяршальная стадыя бягучага будаўнічага сезону, і гэта будзе, натуральна, найбольш заўважная, але далёка не самая складаная і цяжкая праца.


2_902.jpg

Я нядаўна дабудаваў нарэшце ўласны дом і нават з гэтага досведу магу сказаць, што калі ідзе будоўля, калі робіцца ўсе самае галоўнае і цяжкае, вынікі і прагрэс візуальна бачны меньш за ўсё.

Але ўжо потым, калі зробленыя ўсе асноўныя падрыхтоўчыя працы, назіраць за зменамі становіцца ну надта цікава.

Таму не забываем: праект не закінуты і на яго не «забілі». Працэсы ідуць і будуць ісьці. Прынамсі, пакуль я магу гэтым займацца.

У сваю чаргу, усіх неабыякавых прашу аб дапамозе ў некалькіх рэчах.

1) Распаўсюджваць інфармацыю. І аб тым, што я зараз пішу, і аб тым, якая нам патрэбная дапамога.

2) Калі летам будзе вольны час і жаданне дапамагчы «рукамі» на месцы — вітаем такія парывы. Хутка, думаю, ў нас з’явяцца людзі, якія будуць гэты кірунак каардынаваць і тады будзе апублікаваная інфармацыя больш канкрэтная. Ведайце, што аплата нават самага некваліфікаванага падсобнага рабочага — гэта грошы, якія маглі б пайсці на палац, і ваш удзел — вялікая дапамога.

3) Вельмі вітаецца і нават чакаецца грашовая дапамога. Апошнія зборы ахвярванняў былі ўжо гады таму, а дзейнасць, як бачыце, не спыняецца і плаўна перайшла ў актыўную фазу. Толькі ў гэтым годзе трэба пабудаваць ці дабудаваць перакрыцці, парапеты па ўсім перыметры, страпільную сістэму і сам дах. Гэта ўсе — матэрыялы, працоўная сіла, аплата тэхнікі і шмат чаго яшчэ. Давайце памятаць, што гэта ўсё — нашая агульная справа, а станоўчы вынік, калі мы яго дасягнем, ўрэшце падразумявае публічную прастору, а не прыватнае домаўладанне.

Зрабіць ахвярванне можна праз ЕРЫП. Там ў пераліку паслуг трэба перайсці ў раздзел «Сервис E-POS/ E-POS — оплата товаров и услуг». Там ў полі «Номер лицевого счета» ўвесці: 19156-1-1 і націснуць «Працягнуць». Па ўмаўчанні там забітая лічба «50 рублёў», але калі нехта хоча пералічыць больш, ці менш, то суму можна выпраўляць. Аплаціць можна праз любы банкінг, альбо нават праз тэрмінал на любой пошце».


3_790.jpg

Нагадаем, што ідэя аднавіць палац Горватаў у Нароўлі належыць пісьменніку Андрэю Горвату. Палац у Нароўлі Горват набыў напрыканцы 2020 года. Будынак, які мае патрэбу ў аднаўленні, адносіцца да ХІХ стагоддзя і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Нараўлянскі палац быў пабудаваны ў 1850 годзе для сям’і арыстакрата Даніэля Горвата. Будынак знаходзіцца на правым беразе ракі Прыпяць.

Кампаньёнамі літаратара ў прадпрыемстве, заснаваным пад праект рэнавацыі помніка архітэктуры, сталі Аляксандр Баранаў і публіцыст Пётр Кузняцоў. За гэты час, дзякуючы сотням валанцёраў, ён быў ачышчаны ад завалаў і зараз чакае кансервацыі і новага даху.

У красавіку мінулага года Андрэй Горват напісаў у ФБ допіс, з якога ўсе цалкам абгрунтавана зразумелі, што аўтар пакінуў краіну. І пасля зрабілі не менш абгрунтаваную выснову, што палацам у Нароўлі ён больш займацца не будзе.

Але палацам працягваў займацца Пётр Кузняцоў, які распрацаваў паўнавартасны праект рэстаўрацыі, узгадніў яго з мясцовымі ўладамі і атрымаў станоўчае заключэнне Дзяржэкспертызы.