Шрайбман: Кампенсацыя данатаў — адно з самых крэатыўных вынаходніцтваў улады
Ці спыняцца рэпрэсіі, ці давядзецца людзям, якія паспрабавалі адкупіцца ад крымінальных спраў з-за данатаў, плаціць дзяржаве яшчэ? Палітычны аналітык Арцём Шрайбман разважае пра гэта ў праекце «Шрайбман ответит» на «Люстэрку».
— На дзяржТВ прадстаўнік КДК заявіў, што не мае значэнне, калі нейкае аб'яднанне грамадзян прызнана тэрарыстычным або экстрэмісцкім. Гэта значыць, караць за данаты яму можна нават у тым выпадку, калі гэта было 10 гадоў таму. Колькі яшчэ гэта можа працягвацца і што будзе з тымі, хто ўжо заплаціў?
— На жаль, няма ніякай прычыны, каб гэты працэс сёння спыняўся. Пакуль усе дзясяткі тысяч людзей, якія данацілі на салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій, не прайшлі праз КДБ ці іншыя сілавыя ведамствы.
Відаць, што адным з прыярытэтаў рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў цяпер з'яўляецца якраз барацьба з салідарнасцю сваіх праціўнікаў у тым, што тычыцца дапамогі ахвярам рэпрэсій. ГУБАЗіК заводзіць крымінальныя справы на 60 чалавек, якія ўдзельнічалі ў марафоне “Салідарнасці” ў падтрымку палітвязняў.
АНТ паказвае вялікі фільм пра тое, як айцішнікі раскаяліся, пра тое, што яны давалі данаты на звязаныя з пратэстамі мэты, і цяпер вымушаныя плаціць нашмат больш на дзяржаўную дабрачыннасць.
Працягвае працаваць схема з кампенсацыяй данатаў, зробленых у 2020 годзе. Гэта значыць, калі людзей, якія рабілі такія ахвяраванні, прымушаюць плаціць у шмат разоў больш на ухваленую дзяржавай дабрачыннасць пад страхам завядзення крымінальнай справы.
І трэба прызнаць, што ў параўнанні з астатнімі рэпрэсіямі — гэта адно з самых крэатыўных вынаходніцтваў улады. Яно забівае як мінімум некалькіх зайцоў.
Па-першае, тыя, хто асмеліўся падтрымаць пацярпелых ад дзеянняў улады, пакараныя. Ім, як і ўсім астатнім, далі ўрок, што будзе, калі звязвацца з фондамі салідарнасці.
Па-другое, пакрываецца частка сацыяльных выдаткаў у абыход дзяржбюджэту, можна выдаткаваць менш на бальніцу або дзіцячы дом, калі запланаваць сабе ў бюджэце, што на яго дадуць грошы 100 нелаяльных да ўлады айцішнікаў.
Па-трэцяе, стрымліваецца адток людзей у параўнанні з сітуацыяй, калі б усіх, хто данаціў у фонды салідарнасці, павальна арыштоўвалі. Для многіх прасцей выбраць эміграцыю, чым немінучы арышт. Але калі даць людзям выбар: эміграцыя або адкупіцца, то нават чыста з фінансавага пункту гледжання для многіх будзе прасцей выбраць другое.
Нарэшце, па-чацвёртае, ва ўладзе з'яўляецца новы рэестр людзей, да якіх можна пры выпадку звярнуцца яшчэ раз і папрасіць яшчэ нейкіх ахвяраванняў. У дадатак да базаў удзельнікаў пратэстаў, уладальнікаў карт паляка, замежных ВНЖ, людзей, якія падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў, з'яўляецца новы рэестр людзей, нелаяльных да ўлады. З гэтымі спісамі пры жаданні можна рабіць усё, што заўгодна — ад праверак на мяжы да ўзмоцненага падатковага кантролю і нядопуску да прафесіі, калі хтосьці вырашыць раптам перайсці ў дзяржсектар.
Ну і, нарэшце, у выпадку рызыкі нейкіх новых маштабных пратэстаў нескладана сабе ўявіць, што ўлада зоймецца прэвентыўнымі затрыманнямі людзей з такіх рэестраў.