Школьнік з Брэста стаў фігурантам справы аб «масавых беспарадках»
16-гадовы школьнік з Брэста "кінуў у бок міліцыянтаў бутэльку" і яго сярод іншых затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў "масавых беспарадках", паведамілі праваабаронцы.
Супрацоўнікі 6-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Брэсцкай вобласці затрымалі 16-гадовага школьніка па падазрэнні ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" па арт. 293 Крымінальнага кодэкса, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.
"Днямі ўстаноўленыя і затрыманыя актывісты беспарадкаў, якія прайшлі 10 жніўня ў абласным цэнтры. Так, 16-гадовы навучэнец 11 класа адной са школ Брэста, удзельнік нефармальнага моладзевага руху, які прапагандуе ідэі неанацызму, кінуў у бок міліцыянтаў бутэльку", — піша ведамства.
Пры гэтым не паведамляецца, якая
прыменена мера стрымання да непаўнагадовага і ці прад'яўлена яму
абвінавачванне.
УУС: "Таксіст вырашыў асабіста прыняць удзел у масавых беспарадках"
Таксама УУС Брэсцкага выканкама паведамляе, што нібыта на "на днях устаноўлены і затрыманы" 37-гадовы грамадзянін Азербайджана, які мае від на жыхарства асобы без грамадзянства да кастрычніка 2021. Ён таксама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" 10 жніўня.
"Вясне" вядома, што 37-гадовы таксіст Цімур Рызапур быў затрыманы яшчэ месяц таму, 30 верасня. Яго ўтрымліваюць у брэсцкім СІЗА №7. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумовымі кулямі пяць разоў. Следчы тлумачыць выбар меры стрымання пад арыштам тым, што ў Цімура Рызапура няма беларускага грамадзянства, нягледзячы на тое, што ў яго ёсць від на жыхарства і ён жыве ў Беларусі ўжо каля 23 гадоў.
Да паведамлення УУС Брэсцкага
выканкама прыкладаецца два відэаролікі. На другім з іх затрыманы распавядае на
камеру, што нарадзіўся ў Баку. Ён кажа, што аказаўся на пратэстах выпадкова,
паколькі падвозіў пасажыраў і першапачаткова не быў настроены "хадзіць на гэтыя мерапрыемствы". На
пытанне, ці знаходзіўся ён у стане алкагольнага ап'янення, затрыманы адказвае:
"Не, я на працы знаходзіўся".