Святароў з Шуміліна асудзілі дыстанцыйна, таксама затрыманая парафіянка
У віцебскі суд святароў не прывозілі і судзілі дыстанцыйна. Стала вядома, што была затрымана таксама маладая свецкая верніца.
Суд над затрыманымі ў Віцебскай вобласці святарамі адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Як распавялі Katolik.life вернікі, затрыманых не прывозілі ў суд і разглядалі іх адміністрацыйную справу праз скайп. Вынік суда вернікам і духавенству не паведамілі, аднак вядома, што святары застаюцца ў зняволенні — гэта значыць, што ім быў прысуджаны адміністрацыйны арышт.
Нагадаем, 8 траўня, былі затрыманыя міліцыяй айцец Анджэй Юхневіч і айцец Павел Лемех з ордэну Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне.
Паведамленні адносна зняволеных святароў выпусціла польская правінцыя Місіянераў Аблатаў. Яна запрасіла да малітвы «ў сувязі з цяжкім становішчам» двух місіянераў, якія былі затрыманыя, адзначалася ў камунікаце.
Супольную малітву Ружанца прызначылі на вечар 10 траўня «ў інтэнцыі вызвалення субратоў». З гэтага таксама вынікае, што святары застаюцца за кратамі. Занепакоенасць сітуацыяй і сваю салідарнасць выказаў з Рыма генерал кангрэгацыі.
Раней польская правінцыя паведамляла, што паводле яе звестак падставай затрымання стала падазрэнне ў нейкай «дыверсійнай дзейнасці».
Партал звязаўся з правінцыяй з просьбай патлумачыць, што маецца на ўвазе, бо ў польскай мове «dywersyjna działalność» можа мець розныя сэнсы. Аднак там адказалі, што не могуць паведаміць нічога, акрамя афіцыйна апублікаванай інфармацыі.
Акрамя таго, Katolik.life распавялі пра яшчэ адно затрыманне ў Шуміліне. У той жа дзень, калі сілавікі прыехалі да святароў, толькі на некалькі гадзін раней, па месцы працы затрымалі свецкую верніцу, парафіянку касцёла ў Шуміліне. Гэта маладая жанчына, педагог, удзельніца душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, раней была вакалісткай музычнага гурта. Цяпер яна таксама знаходзіцца ў зняволенні ў Віцебску.
Дарэчы, нягледзячы на зняволенне, акаўнты затрыманых у сацыяльных сетках былі актыўнымі ўдзень 10 траўня.
Раней паведамлялася пра абставіны затрымання святароў. Гэта адбылося пасля таго, як у мястэчку прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі:
«Калі ўсе раз'ехаліся, у касцёл прыбылі тры машыны з міліцыяй, усе былі ў цывільным. Агледзелі памяшканні і забралі айца Паўла. У той жа час айца Анджэя затрымалі ў дарозе — ён ехаў на сустрэчу», — распавяла абазнаная крыніца.
Святароў адвезлі ў ізалятар у Віцебск.
Абодва затрыманыя — грамадзяне Беларусі. Гэта далёка не першыя каталіцкія святары, якіх затрымлівалі і судзілі паводле палітычна матываваных артыкулах. Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі трываюць з 2020 года, пераследу падвяргаюцца і прадстаўнікі духавенства.