Сведкам па справе Аўтуховіча стаў палітвязень з Магілёва
Палітвязень з Магілёва Станіслаў Паўлінковіч, які адбывае пакаранне ў выглядзе «хіміі», стаў сведкам па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызме. Пра гэта паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.
Паўлінковіч паведаміў, што 30 ліпеня яго вазілі ў РАУС Барысава і апыталі ў якасці сведкі. Таксама яму вярнулі некаторыя рэчы, раней канфіскаваныя падчас ператрусу ў яго кватэры ў Магілёве.
Нагадаем, бізнесмена Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць у арганізацыі тэрарыстычнай групы, якая ажыццявіла падпал дома міліцыянта і падрыў аўтамабіля міліцыянта ў Гродзенскай вобласці. Пра затрыманне яго і яшчэ семярых чалавек сілавікі паведамілі 8 снежня.
Як сцвярджаюць у КДБ Беларусі, Аўтуховіч планаваў «застрашванне насельніцтва і аказанне псіхалагічнага ціску на супрацоўнікаў МУС», арганізоўваючы выбухі і падпалы, а ахвяр выбіраючы «пры дапамозе дэструктыўнага Telegram-канала». Пры ператрусе ў Аўтуховіча, як сцвярджала прэс-служба КДБ, сілавікі знайшлі стралковую зброю, патроны, гранаты, бронекамізэлькі і амуніцыю.
Станіслаў Паўлінковіч адбывае два гады абмежавання волі ў Крупках. У лістападзе 2020 года яго прызналі вінаватым у абразе суддзі суда Ленінскага раёна Магілёва Аксаны Ратнікавай (арт. 391 КК РБ).