Свабодны прафсаюз БЗТДіА заяўляе аб узмацненні дыскрымінацыіі
Чальцы Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) звярнуліся да гендырэктара МТЗ Уладзіміра Валчка з просьбай навесці парадак на бабруйскім прадпрыемстве, дзе, па іх словах, адміністрацыя ўзмацніла дыскрымінацыю работнікаў прафсаюзнай прыналежнасці.
Міхаіл Кавалькоў. Фота spring96.org
Як сказаў БелаПАН старшыня пярвічкі СПБ на БЗТДіА, які з'яўляецца структурным падраздзяленнем МТЗ, Міхаіл Кавалькоў, у маі ўсе работнікі цэха № 2 былі прэміраваныя адміністрацыяй за высокую культуру вытворчасці па выніках трох месяцаў на 200–300 тысяч рублёў. Пра гэта гаварылася ў інфармацыі, распаўсюджанай на заводзе. Аднак, атрымаўшы разліковыя лісты, высветлілася, што прэміі не распаўсюджваліся на чальцоў СПБ, хоць яны працавалі нароўні з астатнімі. Разам з тым з усіх без выключэння работнікаў былі ўтрыманы па 10 тысяч рублёў на рахунак Таварыства Чырвонага Крыжа, прычым зроблена гэта было вез ведама саміх работнікаў.
"На працягу многіх месяцаў чальцы СПБ не заахвочваюцца з цэхавых фондаў за тое, што яны не ў тым прафсаюзе", — кажа Кавалькоў, указваючы, што ў калектыўным дагаворы, да абмеркавання якога не было дапушчана кіраўніцтва СПБ, таксама закладзены пазіцыі дыскрымінацыйнага характару.
Апрача таго, апошнім часам адміністрацыя актыўна шантажыруе работнікаў — чальцоў СПБ непрацягам працоўнага кантракта, калі яны застануцца ў шэрагах гэтага прафсаюза, сцвярджае прафсаюзны лідар, зазначаючы, што ўжо ёсць факты звальненняў менавіта з-за нязгоды пакінуць прафсаюз.
"Грубасць, хамства з боку цэхавай адміністрацыі ў нас норма", —- перадае змест ліста Кавалькоў.
Зараз СПБ пазбаўлены офіса на заводзе. З 28 сакавіка пропуск Кавалькова заблакіраваны, і ён не можа трапіць на прадпрыемства для выканання сваіх функцый, нягледзячы на рашэнне суда забяспечыць Кавалькову, як старшыні пярвічкі СПБ, допуск да месцаў працы членаў прафсаюза.
Дырэктар БЗТДіА Аляксандр Аграновіч, а таксама яго намеснік па кадрах, сацыяльным развіцці і ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка адмовіліся ад каментарыяў.
У сваю чаргу на сайце прадпрыемства гаворыцца, што работнікам завода, якія не з'яўляюцца членамі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, будуць вернуты неабгрунтавана ўтрыманыя сумы, а вінаватыя ў памылцы пры налічэнні зарплаты будуць пакараныя.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН