Сутычкі паміж супрацоўнікамі рэстарацыі «Паедзем паядзім» і актывістамі
На сценах вакол забаўляльнага комплексу, раней вядомага як «Бульбаш-хол», у якім адкрылася рэстарацыя «Паедзем паядзім», актывісты вывешваюць партрэты людзей, меркавана расстраляных у Курапатах — мэмарыяле, тэрыторыя якога пачынаецца ў 50 метрах ад комплексу, паведамляе Радыё Свабода.
Супрацоўнік рэстарацыі Дзмітры пачаў зрываць плакаты, завязалася бойка з абаронцамі Курапатаў. Актывісты сцвярджаюць, што Дзмітры напаў на іх у стане алькагольнага ап’янення, спрабавалі затрымаць яго, каб перадаць міліцыі, але ўрэшце адпусцілі. Рэжысэр Аляксей Туровіч пайшоў пісаць заяву на працаўніка рэстарацыі, але адмовіўся сядаць у міліцэйскую машыну — бяз гэтага міліцыянты адмовіліся прымаць заяву аб нападзе.
Актывісты не прапускаюць машыны, што вязуць у рэстарацыю харчы. Супрацоўнік ДАІ патрабуе, каб актывісты сышлі з праезнай часткі — актывісты адказваюць, што гэта не праезная частка, а «прыдваровая тэрыторыя незаконнай пабудовы».
Працаўнікі рэстарацыі сарвалі некалькі плакатаў, што развесілі пратэстоўцы, але абаронцы Курапатаў не далі сарваць астатнія плакаты. Міліцыянты ня ўмешваліся ў кароткую сутычку.
На момант публікацыі абаронцаў Курапатаў не затрымлівалі — толькі перапісалі пашпартныя зьвесткі пратэстоўцаў, склалі пратакол на сустаршыню БХД Паўла Севярынца.
Аб адказнасці актывістаў папярэдзіў асабіста намесьнік начальніка УУС Мінаблвыканкаму — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік міліцыі Віталь Казлоў, яго ў сваю чаргу папярэдзіла аб адказнасці праваабаронца Наталля Гарачка.
«Бульбаш-хол» быў збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў — межы той зоны пасунулі ўжо пасля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «рэстарацыі на костках», лічаць будаўніцтва незаконным і амаральным, патрабуюць «музэй, а не шынок».
Рэстарацыю, нягледзячы на пратэсты, адкрылі — таемна і неўрачыста. Міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля рэстарацыі. У час пратэсту было некалькі сутычак людзей, якія называлі сябе наведнікамі рэстарацыі, з пратэстоўцамі. Міністар унутраных справаў заяўляў, што сілавікі «ня будуць буферам паміж бакамі».