Супраць палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага распачалі новую крымінальную справу
Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі, асуджаны да 18 гадоў калоніі, з канца ліпеня 40 сутак знаходзіўся ў ШІЗА віцебскай калоніі. Але нядаўна Дзмітрыя перавялі ў СІЗА-1 — супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу. Пра гэта паведамляе ТГ-канал «П*ава на паўстанне» са спасылкай на ягоную сястру Юлію.
«Пасля 40 дзён у ШІЗА яго этапавалі ў Мінск. Сёння прынялі для яго перадачу, а гэта значыць, зноў пад следствам. І зноў яго чакае следства, суд, прысуд. Падрабязнасцей пакуль не ведаю», — сказала сястра палітвязня.
Нагадаем, у ноч
на 29 кастрычніка 2020 года Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея
Раманава і Дзмітрыя Разановіча затрымалі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай
мяжы. Іх прызналі вінаватымі ў «акце тэрарызму», незаконным абароце зброі і яе
перамяшчэнні праз мяжу.
22 снежня 2021 яны былі асуджаныя на вялікія тэрміны: Ігар Аліневіч — 20 гадоў, Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў, Дзмітрый Разановіч — 19 гадоў, Сяргей Раманаў — 20 гадоў.
Суд праходзіў
у закрытым рэжыме з прычыны «абароны персанальных даных пацярпелых».
Фігуранты справы ўключаны КДБ у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці».