Супраць бяздомнага, якога 10 разоў арыштоўвалі па «народным артыкуле», завялі крымінальную справу

У Следчым камітэце заявілі, што ўзбудзілі дзве справы паводле артыкула 342-2 Крымінальнага кодэкса за «неаднаразовае парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў», піша «Вясна». Па адной з гэтых спраў праходзіць мінскім бяздомны Аляксандр Кутас.

kutas.jpeg

Гэта першыя вядомыя выпадкі пасля зменаў улетку гэтага года ў Крымінальны кодэкс, калі за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах беларусаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. Па гэтым артыкуле прадугледжваецца адказнасць у выглядзе арышта, абмежвання ці пазбаўлення волі тэрмінам до трох гадоў.

Следчы камітэт у прэс-паведамленні не называе імя і прозвішча абвінавачанага, але пад апісанне цалкам падыходзіць 59-гадовы бяздомны з Мінску Аляксандр Кутас, якога ўжо 10 разоў кідалі на «суткі» па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) у 2021 годзе.

Пратаколы на яго складалі за плакаты, на якіх звычайна быў намалёваны сцяг БССР і напісаныя просьбы аб дапамозе. Але аднойчы яго затрымалі за БЧБ-плакат з надпісам: «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь».

На Акрэсціна Кутас правёў як мінімум 130 сутак арышту.

Звычайнае месца затрымання Аляксандра — станцыя метро «Каменная Горка». Там яго месца «заробку». Цэлы дзень ён сядзеў з ламініраванымі таблічкамі, дзякуючы якім і «зарабляў» сабе на жыццё. Аляксандра часам можна было сустрэць з маленькімі жывёламі. Вядома, што Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі.

У Беларусі сілавікі выкарыстоўваюць ганебную практыку падсажвання бяздомных людзей да «палітычных» арыштантаў, каб пагоршыць умовы іх утрымання. Як правіла, у іх вошы і іншыя праблемы з гігіенай, а часам нават маюцца псіхічныя захворванні. Але сукамернікі Кутаса неаднаразова распавядалі «Вясне», што Аляксандр вельмі акуратны, а перад сном нават чытаў ім свае ўласныя вершы.

Таксама Следчы камітэт піша, што гэта не адзіная крымінальная справа па гэтым артыкуле. Другая была заведзена на 48-гадовую жанчыну, якую таксама падазраюць у неаднаразовым парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

«Яе месцазнаходжанне на цяперашні момант выяўляецца праваахоўнікамі», — паведамляе ведамства.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка адзначыў, што Аляксандр Кутас у сувязі з пераследам па новым крымінальным артыкуле будзе прызнаны палітычным зняволеным:

«Змены ў Крымінальным Кодэксе набылі моц у гэтай частцы з 18 чэрвеня 2021 года, да гэтага часу ён ужо меў непагашаныя спагнанні па гэтым артыкуле, і яму досыць было адзін раз парушыць парадак правядзення масавых мерапрыемсвтваў, каб узбудзілі крымінальную справу. Гэта з пункту гледжання літары недэмакратычнага закона. З пазіцыі праў чалавека — гэта грубае парушэнне волі выказвання меркавання і мірных сходаў. У тым, што пікеты, якія праводзіў гэты чалавек, падкрэслена былі мірнымі, сумнявацца не варта, таму ён будзе дакладна будзе прызнаны палітвязнем».