Суддзя груба парушыў заканадаўства. Але яго не пакараюць

Гісторыя 44-гадовай жыхаркі прыгарада Мінска Наталлі Крук выдатна ілюструе той прававы дэфолт, у якім апошнія месяцы апынулася беларуская судовая сістэма. Пра сваё затрыманне і суд Наталля расказвае Нашай Ніве.

photo_2020_11_14_18_11_04_yvheh.jpg


Жанчына мае непаўналетнюю дачку, таму не магла быць прысуджаная да арышту. Але суддзя Вілейскага раёна, не разабраўшыся ў заканадаўстве, пасадзіў яе на 10 сутак. Пасля розгаласу ў СМІ Наталлю адпусцілі на дзень раней прызначанага тэрміну.
Цяпер Наталля Крук ужо дома. Яна распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці свайго затрымання і суда.
«8 лістапада мы са старэйшай дачкой Настассяй ішлі па праспекце Пераможцаў, і пабачылі, што з боку стэлы ўжо пабеглі людзі. На скрыжаванні каля Мельнікайце мы спыніліся. Пад'ехала калона бусаў, выгрузіліся сілавікі, пайшлі на людзей. Спачатку забіралі мужчын. Я чула, як адзін сілавік спытаў у другога: каго браць? Адказ быў: бярэм усіх, — узгадвае Наталля. — Забралі і нас: «Кабеткі, пройдзем!» Мы з дачкой не ўпіраліся, сэнсу няма. Адвялі ў мікрааўтобус, нават пажартавалі: выбірайце ў які! У бусіку, дарэчы, бел-чырвона-белыя сцягі на падлозе ляжалі, каб затрыманыя людзі па іх тапталіся.
Пасля нас перасадзілі ў аўтазак, адвезлі ў Ленінскае РУУС, выгрузілі ў бокс — гэта значыць, у пусты гараж для спецтранспарту. Нас паставілі да сцяны».
Наталля Крук кажа, што яе з дачкой затрымалі прыкладна а палове на другую гадзіну дня, хвілін праз 40 даставілі ў РАУС.
«У боксе мы стаялі да ночы. Нам перадавалі ежу ад валанцёраў некалькі разоў, нават цыгарэты і выпускалі папаліць. Але ж у Жодзіна нас перавезлі толькі каля 5-й раніцы, — кажа Наталля. — У Жодзіне стаяла цэлая чарга з аўтазакаў. Потым нас завялі, правялі дагляд: каго распраналі дагала, а каго і не. Закінулі ў камеру, але бялізну і матрац не давалі. У выніку нас было 19 чалавек у чатырохмеснай камеры.
Спачатку абяцалі пакарміць, але потым наглядчыца сказала: заўтра пажрэце. 9 лістапада быў толькі хлеб у камеры. 10-га нас хоць пакармілі, але давалі адну міску на дваіх. Бялізну так і не прынеслі».
Суд над Наталляй быў увечары 10 лістапада проста ў Жодзіне.
«Завялі ў пакойчык. Суддзя быў мужчына, прозвішча я не памятаю, але з суда Вілейскага раёна (у Вілейскім раённым судзе працуе тры суддзі, але мужчына адзін — Канстанцін Калядаў — «НН»)
Усё было вельмі хутка, хвілін пяць. Я адваката не прасіла, бо раней ніколі не звязвалася з гэтым і не ведала, што рабіць, — прызнае Наталля Крук. — Мяне, як і іншых, абвінавацілі, што ішлі са сцягамі па праезнай часткі, выкрыквалі лозунгі. Ці прызнала я віну, не памятаю.
У нейкі момант суддзя запытаў, ці ёсць у мяне муж? Ёсць, кажу. Потым спытаў, колькі гадоў маёй малодшай. Кажу, 14. Потым суддзя спытаў: а колькі месяцаў ужо прайшло пасля таго, як ёй споўнілася 14 гадоў? Я палічыла, што 14 гадоў і тры месяцы, сказала яму гэта.
Потым яшчэ нейкія пытанні: чаго прыйшлі? Кажу, прыехалі ў гандлёвы цэнтр, выхадны ж. Чаму не маем права?
Ну і ўсё. Суддзя нікуды не выходзіў, адразу кажа: 10 сутак. Я спадзявалася на штраф, вядома, не чакала такога. Але шчыра скажу: самым хвалюючым было чаканне суду. А далей — ну камера і камера».
Прысуд Наталлі груба супярэчыў заканадаўству — арышт не можа быць прызначаны жанчыне, якая мае непаўналетніх дзяцей (маладзейшых за 18 гадоў). Прычым тут 14-гадовы ўзрост, пра які ўдакладняў вілейскі суддзя, не патлумачыць ніводзін юрыст.
Наталля кажа, што дакладна не ведала гэту норму заканадаўства.
«Я чула, што нешта такое ёсць, але дакладна не ведала. Бо па трое сутак трымалі жанчын у камерах у чаканні судоў і тое, што ў іх дзеці, ні на што не ўплывала. Я чула, што ў суседняй камеры была жанчына, у якой год дзіцяці, яна сцэджвала малако з грудзей у камеры».
Дачцэ Настассі, дарэчы, далі менш — 8 сутак.
Жанчыны, якія сядзелі ў камеры разам з Наталляй Крук, паведамілі «Нашай Ніве» пра яе ўтрыманне за кратамі 13 лістапада, на шосты дзень арышту. Пасля артыкула пра сітуацыю ў СМІ бюракратычны апарат заварушыўся, але рашэнне аб яе вызваленні прынялі толькі 17 лістапада, за суткі да сканчэння тэрміну.
«Сёння прыйшлі за мной, я не чакала. Кажуць: «З рэчамі і на выхад». Я спытала, а куды мяне? Наглядчык кажа: «Дык усё». Я спачатку тлумачыла, што мне яшчэ суткі тут сядзець, — пасміхаецца Наталля. — Ну і потым адпусцілі. Валанцёры дапамаглі, прывезлі проста да хаты, вялікі дзякуй ім.
Але: 9 сутак я ўжо адседзела. Цяпер я нібыта павінна заплаціць 120 рублёў за харчаванне. Я не ведаю зараз, што рабіць? Калі прысуд быў адменены, то за ўтрыманне мяне пад вартай я павінна плаціць ці не?»
Наталлю чакае новы новы суд — паколькі мінулую пастанову адмянілі як незаконную, значыць, справу будуць разглядаць зноў. «Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні накіраваная на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі», — паведаміла прэс-служба Мінскага абласнога суда.
Пра тое, што пасля 9 адседжаных сутак Наталлю будуць судзіць зноў, ёй ніхто не сказаў — жанчына даведалася ад журналістаў. Жанчыне можа пагражаць штраф, але ніяк не суткі.
А што будзе з тым суддзёй, які памылкова закінуў чалавека на 9 сутак за краты? Нічога.
«Любая пастанова суда можа быць абскарджана, праверана і адменена вышэйстаячым судом. У такім выпадку адказнасць для суддзі, што вынес прысуд, які быў пасля адменены, не прадугледжаная.
Дысцыплінарная адказнасць для суддзі прадугледжаная, калі ён спецыяльна вынес заведама незаконную пастанову», — паведаміла «Нашай Ніве» Юлія Ляскова, прэс-сакратар Вярхоўнага суда.