Суд прыпыніў рашэнне аб высылцы жыхара Баранавічаў — а яго ўжо дэпартавалі

Жыхар Баранавічаў з расійскім пашпартам Алег Малашчанка можа аспрэчыць сваю высылку з Беларусі ў судзе. Але яго выслалі з краіны прымусова яшчэ да рашэння суду. Яго жонка перакананая, што міліцыя зрабілі гэта адмыслова.

5_fevralya_tamozhennye_sluzhby_deportirovali_iz_rf_shesteryh_nelegalov_blog.jpg


Алег Малашчанка ў пачатку новага года атрымаў позву з’явіцца ў суд 14 студзеня. Пра дакумент расказала жонка, якая засталася ў кватэры. Самога ж Алега яшчэ 30 снежня дэпартавалі ў Расію, пашпарт якой ён мае, хоць з 2004 году жыве ў Баранавічах. Дзяржаўныя органы зрабілі гэта, не чакаючы рашэння суду па справе, перадае Радыё Свабода са спасылкай на мясцовы сайт «Інтэкс-прэс».

1 снежня Малашчанка падаў апеляцыйную скаргу на рашэнне аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС ў Брэсцкі абласны суд, але да сваёй дэпартацыі адказу не атрымаў. Таксама загадзя ён напісаў у Баранавіцкі ГАУС ліст, што не можа выканаць патрабаванні аддзелу па грамадзянстве і міграцыі, пакуль не прыйдзе адказ на апеляцыю.

У вызначэньні Баранавіцкага суду сказана, што справа аб высылцы прыпыненая. Тацяна Малашчанка, жонка Алега, ўпэўненая, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС «адмыслова выслаў мужа з краіны да таго, як мы атрымалі дакумент з суду».

Сям’я Малашчанкаў удзельнічала ў шэрагу нацыянальных праектаў у Баранавічах, дамаглася адкрыцця беларускамоўнага класу ў горадзе. Пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў улады палічылі Малашчанку адным з завадатараў страйку на 558-м авіярамонтным заводзе.