Суд не стаў штрафаваць жыхароў дома ў Гомелі за пакінуты на лесвічнай пляцоўцы ровар
Сям’ю, якая пакінула на лесвічнай пляцоўцы ў Гомелі дзіцячы ровар і за гэта атрымала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і позву ў суд, вырашылі не караць, паведамілі ў Вярхоўным судзе.
Нагадаем, у ліпені сям’і з Гомеля прыйшла позва з патрабаваннем з’явіцца ў суд. Аказалася, што на іх складзены адміністрацыйны пратакол за пакінуты ў пад’ездзе дзіцячы трохколавы ровар.
Згодна з пратаколам, які склалі ў мясцовым ЖЭУ, «кватэра» зрабіла загрувашчванне лесвічнай пляцоўкі пад’езда, у якім пражывае, належным ёй дзіцячым роварам, чым парушыла п.п.16.6 п. 16 Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў».
А суд Навабеліцкага раёна Гомеля справу аб адміністрацыйным правапарушэнні спыніў з прычыны адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння.
— Суд, даследаваўшы матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама з улікам наяўных у матэрыялах справы фатаздымкаў прыйшоў да высновы, што дзіцячы ровар мае нязначныя памеры, буйнагабарытным прадметам не з’яўляецца, у месцы агульнага карыстання жылога дома размешчаны такім чынам, што не перашкаджае свабоднаму праходу жыхароў. Такім чынам, парушэнняў не ўстаноўлена і складу адміністрацыйнага правапарушэння няма, — паведамілі ў судзе Навабеліцкага раёна.
Тут таксама распавялі, што толькі за чэрвень і ліпень разгледзелі 52 аналагічных справы. З іх 11 — спынена з прычыны адсутнасці ў дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння; 14 — у сувязі з малазначнасцю здзейсненага правапарушэння; 1 — у сувязі з недаказанасцю вінаватасці ў здзяйсненні правапарушэння.
Паводле news.tut.by