СТВ не паказаў фінал конкурсу «Міс Мінск-2013»

Тэлеканал СТВ зняў трансляцыю фінальнага шоу конкурсу «Міс Мінск-2013». Конкурс, які абыйшоўся ў 230 тысяч даляраў, павінен быў транслявацца 6 ліпеня ў 20.10. Замест яго тэлеканал паказаў канцэрт «Алег Молчан збірае сяброў».



liebiedi.jpg

Нагадаем, самая прыгожая дзяўчына Мінска была абраная 27 чэрвеня. Карона пераможцы дасталася 21-гадовай студэнтцы БДЭУ Яне Канцавенка. Адразу пасля гэтага ў інтэрнэце з’явіліся яе фотаздымкі эратычнага характару. Высветлілася таксама, што некалькі іншых фіналістак конкурсу працуюць у сталічных начных клубах стрыптызёркамі і go-go-танцоркамі.

 

Да гэтага часу ніхто з арганізатараў конкурсу — а гэта тэлеканал СТВ, Мінгарвыканкам і Нацыянальная школа прыгажосці — афіцыйна не пракаментаваў скандал.

На днях у інтэрнэце быў размешчаны відэаролік з кастынгу конкурсу, з якога вынікае: арганізатары ведалі, што некаторыя дзяўчыны, якія прайшлі ў фінал, зарабляюць эратычнымі танцамі, і нават прасілі іх выканаць адзін з такіх танцаў падчас адбору.

Паводле БелаПАН