Студэнтаў масава прымушаюць працаваць у калгасах
Практыка добраахвотна-прымусовай працы на палях у нашай краіне датычыцца не толькі капанню бульбы і збіранню буракоў. Прынамсі паўтары сотні студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава мусяць за мізэрныя грошы збіраць яблыкі ў Талачынскім раёне для мясцовага кансервавага заводу, піша Белсат.
Пра гэта паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Без выходных мы працавалі. У суботу нам скарацілі час. Звычайна наш працоўны дзень быў да 17:30, пасля мы ехалі ў сталоўку. Нам скарачалі ў суботу да 16:30 працоўны дзень, а ў нядзелю да 14 гадзіны», – кажа ўдзельніца сельгаспрацаў.
Адпраўку студэнтаў на сельгаспрацы навучальныя ўстановы каментаваць адмаўляюцца, перанакіроўваючы ўсе пытанні да БРСМ, які арганізуе працэс. Кіраўнікі ж гарадскога і рэспубліканскага аддзелаў БРСМ, адказныя за студэнцкія атрады – гэтак афіцыйна называюцца сельгаспрацы – цягам дня былі недасяжныя.
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік сцвярджае, што прыцягваць студэнтаў падчас вучобы да сельгаспрацаў – незаконна, бо гэта прымусовая праца, але студэнтам ніхто не тлумачыць іхных правоў.
«Існы Кодэкс аб адукацыі наўпрост забараняе выкарыстанне навучэнцаў і студэнтаў на працах або аказанні нейкіх паслугаў. Гэта сапраўды незаконна, але студэнты на гэта пагаджаюцца, бо яны не ведаюць сваіх правоў ці проста баяцца казаць «не» адміністрацыі навучальных установаў», – тлумачыць Леанід Свецік.
Заканадаўства дазваляе прыцягваць на працу студэнтаў і навучэнцаў толькі ў выпадку, калі гэта адпавядае спецыяльнасці, на якой яны навучаюцца, і прадугледжана навучальным планам.