Студэнта-палітвязня Арцёма Баярскага адлічылі з БДУ
Арцём Баярскі чатыры разы быў стыпендыятам Спецыяльнага фонда прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў, паведамляе «Еўрарадыё».

З хімічнага факультэта БДУ адлічылі студэнта-другакурсніка Арцёма Баярскага, пішуць праваабаронцы «Вясны». Хлопцу 19 гадоў, ён чатыры разы быў стыпендыятам Спецыяльнага фонда прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў.
Увосень 2020-га ён атрымаў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сёлета ўвесну яго спачатку асудзілі на 25 сутак па тым самым артыкуле 24.23, а потым выставілі абвінавачанні ў «стварэнні альбо кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем» — цяпер у Беларусі пад гэтае азначэнне трапляюць паблікі ў сацсетках і чаты ў Telegram.
У ТГ-канале Азаронка з'явілася відэа, на якім Баярскі прызнаецца ў адміністраванні пабліка ў сацсетках. Пазней ён сказаў адвакату, што для атрымання гэтага прызнання яго білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
4 чэрвеня стала вядома, што Баярскага адлічылі з Белдзяржуніверсітэта.