Страціў 11 кг, губляў прытомнасць: алімпіец Краўчанка скончыў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі
Срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка скончыў 10-дзённую галадоўку, якую абвясціў у знак салідарнасці з палітвязнямі.
«Пару разоў у Instagram напісалі мне, што я захацеў папіярыцца, а заадно і схуднею. Блін, нафіг мне гэта трэба — так здзекавацца з сябе дзеля пахудання? Які піяр можа быць у галадоўцы? Ад людзей, якія сядзяць у турмах, наогул нічога не застаецца. Я ўвогуле не разумею, як Лосік галадаў 27 дзён. Што ад яго засталося? Калі я падаю на дзявяты дзень, выглядаю як дрышч, што ад Ігара засталося па заканчэнні амаль месяца? Думаю, ён хадзіў па мяжы, быў на мяжы жыцця і смерці», — цытуе Краўчанку «Радыё Свабода» са спасылкай на Tribuna.com.
Ён абвясціў 10-дзённую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнямі 25 красавіка. Дзесяць дзён — бо менавіта столькі ён разам з баксёрам Іванам Ганіным правёў у жодзінскай турме ў лістападзе 2020-га.
Ужо ў першыя дні пасля пачатку галадоўкі Краўчанка скінуў амаль 5 кілаграм, у наступныя дні спартсмен губляў прытомнасць, з носа ў яго ішла кроў, з’явіліся млявасць і галавакружэнне. Пару раз нават хацеў спыніцца, але вытрымаў. Цяпер, паводле спартсмена, ён адчувае сябе «больш-менш нармальна».
«Праўда, ёсць слабасць, галава крыху баліць, таму што стукнуўся ёю. Дэпрэсіўны стан, які праяўляецца ў тым, што ў мяне наступіла такая абыякавасць — хочацца проста сядзець і нічога не рабіць, нічога не чытаць і не глядзець. Што тычыцца слабасці, калі ўстаю і саджуся, цямнее ў вачах. Толькі на свежым паветры добра сябе адчуваю», — кажа Андрэй Краўчанка.
Краўчанка не рэкамендаваў нікому такія эксперыменты над уласным арганізмам. Але дадаў, што калі гэта будзе патрэбна для справы, то сам яшчэ раз пойдзе на гэты крок: «Калі гэта спатрэбіцца, калі ад гэтага нешта будзе залежаць, то пайду 100 адсоткаў. Проста так, для сябе, рабіць гэтага больш ніколі не буду. А калі для падтрымкі, для выказвання салідарнасці — дык без праблем».