Ад сёння стаўка ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі вырасла ў 8 разоў

Стаўкі ўтылізацыйнага збору за аўтамабілі, якія ўвозяцца з краінаў ЕАЭС, павысіліся ў 1,65 разы для юрыдычных асоб і ў 8,25 разы — для фізічных асоб. Дадзенае рашэнне — «адна з мер па ўрэгуляванні ўвозу транспартных сродкаў з дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза».



utylizacyjny_zbor.jpg

З 4 лютага фізічнай асобе, якое ўвозіць аўтамабіль для асабістага карыстання, трэба будзе заплаціць 4 млн. 950 тыс. рублёў за аўто не старэйшае за 3 гады, 7 млн. 425 тыс. — за аўто старэйшае за 3 гады, піша TUT.BY.

Для спрашчэння парадку вылічэння і выплаты ўтылізацыйнага збору яго памер будзе паказвацца ў беларускіх рублях (раней — у расійскіх рублях з ужываннем павышаючых або паніжальных каэфіцыентаў).

Прыняцце праекта пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 2014 г. № 172» павялічыць паступленне грашовых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт, а таксама дасць магчымасць удакладніць і спрасціць дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, звязанае з выплатай ўтылізацыйнага збору ў дачыненні да транспартных сродкаў, гаворыцца ў паведамленні Саўміна.