Старшыня Брэсцкага гарвыканкама сустрэўся з праціўнікамі акумулятарнага завода
9 чэрвеня на плошчы Леніна ў Брэсце чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Па дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.30 на плошчы знаходзілася больш за 200 чалавек. На плошчу таксама прыйшоў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама Генадзь Іванчын. Ён запрасіў удзельнікаў сустрэчы ад імя старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука на сустрэчу з ім у будынку абласнога савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які размешчаны паблізу. Сустрэча прызначаная на 12.40.
Асноўная тэма, якую абмяркоўвалі сёння ўдзельнікі сустрэчы — публікацыя ў інтэрнэце фатаграфіі дакладной запіскі, накіраванай ў Брэсцкі аблвыканкам абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пра перавышэнне нарматываў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра акумулятарным заводам у перыяд правядзення пусканаладачных работ. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што ўсталяваныя перавышэнні нарматыўных выкідаў «па пяці крыніцах». Таксама ў дакладной запісцы утрымліваецца просьба «даручыць усім зацікаўленым прыняць неадкладныя меры па прадухіленні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства».
Як заявіў сёння на сустрэчы актывіст Дзмітрый Бекалюк, першапачаткова былі асцярогі, што гэта фэйкавая інфармацыя. Аднак, паводле яго слоў, 8 чэрвеня падчас прамой лініі яе пацвердзіў намеснік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут. Адказваючы на пытанне Бекалюка, ён паведаміў, што Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачаў адміністрацыйны працэс па факце перавышэння выкідаў. Па словах Корбута, калі парушэнні будуць і далей, будзе ануляваны дазвол на выкіды.
Вельмі важна, адзначыў Бекалюк, што перавышэнне выкідаў шкодных рэчываў пацвердзіла дзяржструктура.
«Я спадзяюся, у наступную нядзелю мы збярэмся на плошчы, каб адзначыць закрыццё гэтага завода», — заявіў актывіст.
Акумулятарны завод ТАА «АйПауэр» узведзены на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 189 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «брэстчанкі супраць свінцу», на які прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек.
25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новае калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.
З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.
naviny.by