Улады Брэста: калі ёсць адхіленні, акумулятарны завод зачыняць
Брэсцкія ўлады 9 чэрвеня сустрэліся з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. Зала на 250 месцаў была запоўненая пад завязку, паведамляе «Еўрарадыё».
Сустрэча прайшла з ініцыятывы чыноўнікаў у зале абласной арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў, піша TUT.by.
Разлічаная на 250 месцаў зала была запоўненая пад завязку. У прэзідыўме сядзелі кіраўнік горада Аляксандр Рагачук і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк.
Рагачук пачаў сваю прамову з таго, што завод практычна пабудаваны, але яго запуск значна зацягнуўся. Гэта, па яго словах, "выклікае абсалютна лагічныя пытанні па якасці праектавання з тымі параметрамі, якія заяўляў інвестар". Чыноўнік патлумачыў, што праект завода прайшоў экалагічную экспертызу. "Цяпер, калі завод уступіў у стадыю пачатку вытворчасці, ёсць выразны інструментар паглядзець, ці атрымалася штосьці ў гэтага інвестара, ці будзе завод працаваць наогул і калі ёсць нейкія значныя адхіленні, то як яго зачыніць", — канстатаваў кіраўнік горада пад апладысменты прысутных.
Ён згадаў дакладную запіску абласнога прыродаахоўнага камітэта ў аблвыканкам, дзе гаворыцца, што завод перавышае нарматывы дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра. "У суботу Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя пацвердзіла, што пачынаецца адміністрацыйны працэс аб прыцягненні завода да адказнасці за тое, што не выконваецца заяўленае. Паралельна ідзе праца дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, якая таксама не дала станоўчага заключэння. Падстаў для пуску завода няма на дадзены момант", — рэзюмаваў Рагачук.
Мэр прапанаваў аднаму з лідараў пратэстоўцаў Дзям'яну Лепясевічу сабраць групу з 10 чалавек для сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам. Разам яны абмяркуюць праблему акумулятарнага завода. Мяркуецца, што сустрэча адбудзецца ў сераду, 12 чэрвеня.
У сваю чаргу Лепясевіч прапанаваў неадкладна прыпыніць работы на заводзе — да 12 чэрвеня. Па яго слова, людзі асцерагаюцца, што 11 чэрвеня прыёмная камісія падпіша акт аб уводзе прадпрыемства ў эксплуатацыю.
Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода доўжацца ўжо больш за год.