Станіслаў Шушкевіч: Каму патрэбен сцяг па размеркаванні?
Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў новую ідэю ўладаў – раздаваць людзям падчас перапісу насельніцтва дзяржаўныя сцягі.
Як вядома, не так даўно падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю камсамола, адна аспірантка прапанавала раздаць кожнай сям’і падчас перапісу насельніцтва па дзяржаўнаму сцягу.
Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў і даручыў заняцца ёй кіраўніку сваёй адміністрацыі Наталлі Качанавай.
Станіслаў Шушкевіч у каментары для “Радыё Рацыя” адзначыў:
— У Злучаных Штатах ёсць Дзень памінання загінулых, і я бачыў, як гэта адбываецца на Арлінгтонскіх могілках. Людзі прыходзяць, і па дарозе можна купіць сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі. Купляюць, ідуць на могілкі і ставяць на могілках дзяржаўны сцяг. Дык, калі нашым уладам сёння няма куды падзець гэтыя сцягі, пастаўце іх на могілкі сталінскім ахвярам у Курапатах, як прабачэнне ад новага ўрада.
— Мяркуеце, што ідэя не вартая рэалізацыі?
— У даваенныя і пасляваенныя савецкія часы прыватныя дамы, якіх у Мінску было шмат, абыходзіла міліцыя і казала, што на свята трэба павесіць над сваім домам дзяржаўны чырвоны сцяг. Нешта і зараз падобнае адбываецца. Але калі ў людзей няма ў душы жадання зацвердзіць гэты сцяг, а трэба хадзіць з ім па размеркаванні, то каму гэта патрэбна? Многім больш даспадобы нацыянальны сцяг — бел-чырвона-белы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя