Спыніць пераслед інтэлектуальнай і творчай эліты!

Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў выступілі з супольнай заявай у сувязі з рэпрэсіямі супраць свабоды думкі і творчасці ў Беларусі.

7_123.png


«У Беларусі ў поствыбарчы перыяд адбываецца мэтанакіраваны ціск на свабоду выказвання, думкі і творчасці, — гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў. — Мы звяртаем ўвагу на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць творцаў, сябраў беларускіх творчых арганізацый.

4 кастрычніка, падчас маршу пратэсту была затрыманая філосафка, сябра Беларускага ПЭНа Вольга Шпарага. Суткі яна правяла за кратамі. 9 кастрычніка Вольга Шпарага была затрыманая зноў, 12 кастрычніка над Вольгай адбыўся суд, у выніку якога яна атрымала 15 сутак арышту, цяпер Вольга Шпарага знаходзіцца ў турме горада Жодзіна.

21 кастрычніка стала вядома, што пасля 11 гадзін раніцы паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭНа Дзмітры Строцаў перастаў выходзіць на сувязь з блізкімі і сябрамі. Увечары жонка Дзмітрыя паведаміла пра яго знікненне, а ўначы яго дачка напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што імя Строцава з’явілася ў спісе затрыманых, якія знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. 22 кастрычніка паэт Дзмітры Строцаў атрымаў 13 сутак арышту. Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. Пра сітуацыю ў краіне ён выказваўся і ў сваіх творах.

Падобнымі дзеяннямі рэжым імкнецца прымусіць творцаў перашкодзіць рэалізацыі права на свабоду слова і думкі, а таксама права на мірныя сходы.

Мы выказваем рашучы пратэст у сувязі з рэпрэсіямі супраць інтэлектуальнай і творчай эліты.

Заклікаем спыніць пераслед у дачыненні да творцаў і ў адносінах да ўсіх грамадзянаў краіны, зняволеных па палітычных прычынах у перадвыбарчы і поствыбарчы перыяд».

Заяву падпісалі: Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, Святлана Алексіевіч, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Лявон Баршчэўскі, Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Усевалад Сцебурака