Справу «Белага Легіёну» разгледзяць у ААН

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне былых фігурантаў справы «Белага Легіёну» Віктара Данілава, Андрэя Дундукова, Віктара Мароза і Сяргея Стрыбульскага.

Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у судзе. Фота: БелаПАН.

Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у судзе. Фота: БелаПАН.


Чаму яны вырашылі звярнуцца ў ААН?На фоне «Маршаў недармаедаў» у 2017 годзе дзяржава разгарнула рэпрэсіўныя практыкі. Самая жорсткая з іх — рэзанансная справа «Белага Легіёну», якую вёў спачатку КДБ, а затым — Следчы камітэт. У межах гэтай справы Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі, сярод многіх іншых, абвінавачваліся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Паўтара дзясятка абвінавачаных, у тым ліку гэтыя чацвёра, правялі пад вартай каля ста дзён кожны. У выніку віна іх не была даказаная, справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства.
Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі спрабавалі праз суд дамагчыся рэабілітацыі і кампенсацыі маральнай шкоды. Але нечакана нават для беларускай судовай практыкі ў гэтым ім было адмоўлена. Вычарпаўшы ўсе сродкі прававой абароны на нацыянальным узроўні, чатыры фігуранта справы «Белага Легіёну» звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН.


Справа «Белага легіёну» — ад затрыманняў да вызваленняў

Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. 30 лістапада 2017 году паведамілі пра спыненне справы.

Што, на думку заяўнікаў, парушыла дзяржава ў справе «Белага Легіёну»?

У скарзе яны заявілі аб парушэнні сваіх правоў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх аб палітычных правах:
права на свабоду і асабістую недатыкальнасць,права не падвяргацца катаванням,права не прымушацца да паказанняў супраць сябе і правы на абарону,прэзумпцыі невінаватасці.
Камітэт будзе разглядаць сцвярджэнні чацвярых аўтараў паведамлення пра грубыя гвалтоўныя затрыманні, аб працяглым папярэднім зняволенні, на якое не было ніякіх падставаў, і аб адмове ў прадастаўленні за гэта кампенсацыі. Акрамя гэтага, яны паказваюць на абразлівыя працэдуры надгляду, якія праходзіць кожны зняволены ў СІЗА КДБ, гэта значыць на жорсткае абыходжанне. Таксама яны ўтрымліваліся ў камерах «Амерыканкі», дзе ў іх не было спальных месцаў, і адсутнічалі прыбіральні, што супярэчыць правілам абыходжання са зняволенымі.
Данілаў і Дундукоў сцвярджаюць, што на працягу першых дзён пасля затрымання да іх не дапускалі адвакатаў, і ў гэты ж час супрацоўнікі КДБ пастаянна выклікалі іх і схілялі да самаагавору. І яшчэ Віктар Данілаў заяўляе аб парушэнні прэзумпцыі невінаватасці і ўмяшальніцтве ў прыватнае жыццё, паколькі менавіта ён з'яўляўся мішэнню дзяржаўнай прапаганды і галоўным «героем» тэленавінаў і фільма «Белый Легион черных душ», у якім ілжыва сцвярджалася пра яго нібыта незаконную дзейнасць (экстрэмізм, захоўванне зброі), што ніяк не пацвердзілася ў ходзе расследавання.

Што далей?

Заяўнікі просяць Камітэт прызнаць парушэнне сваіх правоў і абавязак дзяржаву публічна папрасіць прабачэння, а таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды і маёмасныя страты, якія не былі прадастаўлены на нацыянальным узроўні. Акрамя таго, Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі просяць Камітэт, каб той абавязаў дзяржаву не дапусціць падобных парушэнняў у будучыні.
Цяпер усе матэрыялы адпраўленыя беларускім уладам. На працягу 6 месяцаў дзяржава павінна даць адказ у Камітэт па сутнасці паведамлення былых фігурантаў справы «Белага Легіёну».
Камітэт па правах чалавека — гэта орган кантролю за выкананнем Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай гэтага дагавора, таму абавязалася выконваць гарантаваныя ў ім правы. Стаўшы ўдзельнікам факультатыўнага пратаколу ў Пакту, Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека разглядаць паведамленні ад асобаў, якія заяўляюць, што дзяржавай парушаныя іх правы, прадугледжаныя Пактам.
spring96.org