Спорт па нядзелях. Футбол упаў на дно, хакей узначаліў былы вясляр

Спорт звыкла віраваў на сыходзячым тыдні і дарыў інфармацыйныя нагоды. «НЧ» звыкла сачыў за падзеямі, каб раніцай у нядзелю сфармуляваць галоўныя ўражанні ў традыцыйным аглядзе.
Спойлер: у футболе, дзе маюцца дасягнуць напалеонаўскіх мэтаў, па-ранейшаму ўсё кепска.

Аляксандр Багдановіч: замест вясла — клюшка. Фота hockey.by

Аляксандр Багдановіч: замест вясла — клюшка. Фота hockey.by

Футбольная зборная: каманду накрылі траўмы і каронавірус — і ў Таліне яна прайграла і апусцілася на апошняе месца

Месяц таму, не без долі гратэску, мы пісалі: 8 кастрычніка беларускіх футбалістаў чакае грандыёзны паядынак у сталіцы брацкай Эстоніі. У двубоі з гаспадарамі давядзецца вырашыць, якой з дзвюх каманд наканавана завершыць адборачны турнір чэмпіянату свету на апошнім месцы ў групе.

8 кастрыніка надыйшло. Грандыёзны паядынак адбыўся. Вось толькі барацьбы на полі не атрымалася — эстонцы відавочна пераўзышлі беларусаў ва ўсіх кампанентах гульні і справядліва перамаглі з лікам 2:0.

Эстонія — Беларусь. Фота БФФ

Эстонія — Беларусь. Фота БФФ

Пэўныя змякчальныя абставіны наша зборная, канечне, мае. Гэта траўмы і пандэмія каронавіруса. З гэтых прычын сабраць колькі-небудзь прымальны склад трэнерскаму штабу не ўдалося. Уласна, і трэнерскі штаб таксама не сабраўся, пазбавіўшыся самага галоўнага — рулявога Георгія Кандрацьева, якога падсцярог COVID-19.

Але, па гамбургскім рахунку, гэта слабое суцяшэнне. У рэшце рэшт, увесну, калі ў сваю чаргу эстонцы прыязджалі гуляць у Мінск, яны сіметрычна не давезлі вялікую групу футбалістаў — і роўна па той жа каронавіруснай прычыне. То, як кажуць беларусы, выйшла тое на тое. Спачатку мы скарысталіся чужымі праблемамі — потым яны скарысталіся нашымі.

Ну а ісціна не тое каб пасярэдзіне — яна ў люстэрку. Беларускія гульцы перад матчам харахорыліся, маўляў, едзем у Талін толькі за перамогай. На практыцы ж выйшла параза — і яна ўжо шостая запар. І ў выніку зборная Беларусі тужліва спусцілася на тое самае апошняе месца ў адборачнай групе. Дзе з вялікай верагоднасцю і фінішуе, набраўшы жабрацкія тры ачкі.

Наперадзе яшчэ дзве гульні — з Чэхіяй у Казані і з Уэльсам у Кардзіфе. І там, і там — да букмекера не хадзі — шанцы беларусаў ацэньваюцца на мяжы статыстычнай пагрэшнасці.

Тут можна злосна нахмурыць бровы і сказаць: вось ён — заканамерны вынік развіцця спорта нумар адзін у адной асобна ўзятай і няўхільна квітнеючай краіне. Але не будзем. Бо ў тых жа заўзятараў наконт зборнай эмоцыі даўно згаслі. Уключыць тэлевізар, пабачыць чарговае фіяска, махнуць рукой — анічога новага…

Дый тэлевізар, строга кажучы, многія ўжо не ўключаюць.

«Маладзёжка»: тыя ж яйкі — від збоку. У адборачным турніры тры паразы запар

Калі зусім шчыра, то нацыянальная зборная ніколі асабліва не радавала беларусаў. Неяк было, што пры Эдуардзе Малафееве каманда раптам абудзілася і ледзве не прабілася на чэмпіянат свету-2002, аднак тое выключэнне з правіл аказалася толькі імгненнем — і яно хутка прайшло, нібыта сон.

Уцехай заўзятараў у тыя часы была іншая зборная — маладзёжная. Хлопцы, не старэйшыя за 21 год, нібыта кампенсавалі гледачам флюіды і нервы, марна страчаныя на матчах нацкаманды. Яны давалі краіне коксу і рады — самым моцным супернікам у Еўропе. І ажно тройчы выходзілі ў фінальны раунд ЧЕ — лічы, у топ-8 мацнейшых еўрапейскіх зборных сваёй узроставай катэгорыі. І аднойчы — хто памятае, ушчыпніце сябе — нават выйгралі там бронзу, здабылі алімпійскую пуцёўку і патрапілі на Гульні-2012.

Так, цяпер тыя паданні — бы ў той песні: калі-небудзь ты ўзгадаеш гэта, і не паверыцца самім.

Цяпер усё інакш. «Маладзёжка» нарэшце навучылася браць прыклад са старэйшай каманды. Тая прайграе — прайграе і гэтая. Тая з нейкага ляду ставіць перад сабой заведама невыканальныя мэты — і гэтая таксама ставіць.

Сяргей Ясінскі. Фота ФК «Віцебск»

Сяргей Ясінскі. Фота ФК «Віцебск»

Цяпершні галоўны трэнер Сяргей Ясінскі ў чэрвені так і дэклараваў: выйсці ў фінальны этап маладзёжнага Еўра. Сёння на двары кастрычнік, згуляна ўжо тры матчы, набрана нуль ачкоў. У адзін шэраг пашыхтаваліся паразы ад Ісландыі, Партугаліі і — у тую ж пятніцу — Грэцыі. Балазе, хоць апошняе месца ў групе беларусам, здаецца, не пагражае — дзякуй, што сярод супернікаў ёсць зусім слабы Ліхтэнштэйн. Ужо з ім нашы хлопцы мусяць неяк справіцца. Альбо не?

Што да амбітных мэтаў-задач, то на гэты конт нядаўна трапна выказаўся трэнер Сяргей Гурэнка. Найбольшыя шанцы на поспех беларускія зборныя маюць перад пачаткам матчаў кваліфікацыі. Цяжка не пагадзіцца.

Беларускі хакей: пасля сыходу Баскава федэрацыю ўзначаліў былы вясляр Аляксандр Багдановіч

Пятніца ўвогуле была багатая на знакавыя спартыўныя падзеі. Вось і ў федэрацыі хакея Беларусі (ФХБ) вызначыліся з новым кіраўніком — ім стаў алімпійскі чэмпіён па веславанні 39-гадовы Аляксандр Багдановіч. НЧ прадказваў менавіта такі паварот, але хваліцца прадбачлівасцю тут не выпадае — гэта апрыёры быў амаль што сакрэт палішынэля.

Бо Багдановіч лепш за ўсіх астатніх паходзіў на «фотаробат», намаляваны Аляксандрам Лукашэнкам. Маўляў, не хакеіст, але вялікі чэмпіён — ды яшчэ з палітычнай загартоўкай. Экс-дэпутат і адданы прыхільнік дзеючага курса тут пасаваў адразу і бездакорна — і сенсацый не адбылося.

Не адбылося і выбараў на пасаду старшыні ФХБ — у класічным сэнсе слова. Гэта пераемніка Рэнэ Фазела на кангрэсе ў Пецярбургу абіралі ў некалькі раундаў — аб крэсле прэзідэнта ІІХФ марылі пяцёра кандыдатаў, і яны зладзілі сапраўдную перадвыбарную гонку. Багдановіч жа заняў пасаду ў беларускай федэрацыі на безальтэрнатыўнай аснове — як і мае быць у нашай рэчаіснасці.

Фота tuda-suda.by

Фота tuda-suda.by

Дарэчы, крыху здзівіла, што ў незалежных медыя і сацсетках адразу пачалі масаса кпіць з таго, што хакеем будзе кіраваць вясляр. Так, знешне гучыць пацешна — дзе клюшка, а дзе вясло. Але ж і супраць плыні ўлады тут грабці не сталі. Што вясляр, што цясляр, што гусляр — падобная практыка ў беларускім спорце пануе даўно.

Футболам, напрыклад, кіравалі і банкіры, і авіятары, і генералы. Зараз кіруе палкоўнік-артылерыст. Былі генералы і на чале хакея — і міністр МУС быў, і экс-міністр сельскай гаспадаркі. У кагосьці атрымлівалася лепш, у кагоські горш — паглядзім, як атрымаецца ў Багдановіча. Пакуль прынамсі ў трэнды ён упісаўся арганічна, а спартыўным бэкграундам дык наогул выгадна адрозніваецца ад шэрагу папярэднікаў.

Прафесійны бокс: беларускі экс-чэмпіён Кірыл Рэліх вяртаецца на рынг — але яму трэба скінуць 50 кілаграмаў

У 2018 годзе імя беларускага баксёра Кірыла Рэліха пракацілася па старонках амаль усіх айчынных медыя. Нагода таго каштавала — ураджэнец Баранавічаў стаў чэмпіёнам свету сярод прафесіяналаў паводле прэстыжнай версіі WBA. Стаў знакамітасцю — даваў інтэрв’ю, распавядаў пра сябе і свой шлях у вялікім спорце.

Працяг гісторыі, аднак, склаўся скамечана — спачатку Кірыл страціў тытул, саступіўшы амерыканцу Прогрэйсу, а потым увогуле знік з «радараў». Ну што ж, бывае — паціснулі плячыма заўзятары дый пераключыліся на іншыя спартыўныя трансляцыі.

І вось навіна: праз два гады забыцця Кірыл Рэліх зноў у стыжках навін. Ён зноў актыўна трэніруецца, рыхтуецца да вяртання на вялікі рынг, вельмі хоча наноў стаць лепшым у свеце.

Звычайная гісторыя — скажаце вы. Звычайная, ды не зусім. Справа ў тым, што за мінулы час Кірыла стала нашмат болей. У самым што ні ёсць наўпроставым сэнсе — 31-гадовы баксёр моцна дадаў у вазе. Раней спаборнічаў у першай паўсярэдняй вазе да 63,5 кілаграмаў, а потым яго можна было заяўляць на баі цяжкавагавікоў — 112 кг!

Кірыл Рэліх: было — стала

Кірыл Рэліх: было — стала

Вы толькі арыфметычна  ацаніце, які цяжкі шлях трэба прайсці беларусу, каб прывесці сябе ў «таварны» выгляд. Ён мусіць сагнаць 50 кіло! То-бок амаль палову з таго, што важыць. Дакладней — важыў, бо працэс ужо пайшоў. І «дваццатку» Кірыл на гэты момант паспяхова скінуў.

Застаецца толькі пажадаць суайчынніку далейшай упартасці і мэтанакіраванасці — і ўладага вяртання ў прафесійны бокс. На рынг ён плануе выйсці ў наступным годзе.