Спіс невыязных пашырыўся

У чацвер, 15 сакавіка, выехаць за межы Беларусі не змаглі старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна і сябра БАЖ, супрацоўнік тэлеканала БЕЛСАТ Міхась Янчук. Крыху раней за межы краіны не выпусцілі сябраў БАЖ Андрэя Дынько і Валянціна Стэфановіча. З нагоды такіх дзеянняў уладаў у дачыненні да журналістаў кіраўніцтва БАЖ прыняло спецыяльную заяву.
 



5faf461eff3099671ad63c6f3f094f7f.jpg

У чацвер, 15 сакавіка, выехаць за межы Беларусі не змаглі старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна і сябра БАЖ, супрацоўнік тэлеканала БЕЛСАТ Міхась Янчук. Крыху раней за межы краіны не выпусцілі сябраў БАЖ Андрэя Дынько і Валянціна Стэфановіча. З нагоды такіх дзеянняў уладаў у дачыненні да журналістаў кіраўніцтва БАЖ прыняло спецыяльную заяву.
 

Як распавяла на прэс-канферэнцыі 15 сакавіка кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна, яна ў гэты дзень у 10.00 мусіла вылецець у Варшаву. Аднак памежныя службы Нацыянальнага аэрапорта “Мінск зрабіць ёй гэта не дазволілі: у пашпарце Літвіной з’явіўся штамп “У выездзе адмоўлена. Такі ж самы штамп з’явіўся ў пашпарце і журналіста Міхася Янчука, якога а 6-й раніцы 15 сакавіка ў Брэсце знялі з цягніка “Масква–Варшава.
“Ведаючы пра тое, што ўжо ёсць факты, калі людзей не выпускаюць за межы краіны, свой прыезд у аэрапорт я пачала з кантактаў з памежнымі службамі. Адразу лёгка высветлілася, што я знаходжуся ў спісе асобаў, якім абмежаваны выезд з тэрыторыі краіны. На маё пытанне, хто прымаў гэтае рашэнне і на якой падставе, мне было патлумачана, што звычайна гэта робіць міліцыя. Тады я ўдакладніла: гэта дэпартамент па грамадзянству і міграцыі? “Відаць, так, — адказалі мне. На гэтым наша размова з памежнікамі завяршылася. Мне яшчэ параілі звярнуцца ў “Белавія, каб мне кампенсавалі кошт майго квітка. Мы з Міхасём Янчуком такім чынам папоўнілі спіс невыязных — я ў першую чаргу звяртаю ўвагу на сябраў нашай арганізацыі… Калі будзе падведзеная рыса, колькі яшчэ нашых калегаў атрымаюць абмежаванне на свабоду перамяшчэння, пакуль што сказаць складана, — адзначыла Жанна Літвіна.
Па словах старшыні БАЖ, спіс асобаў, якія з’яўляюцца невыязнымі, пашыраецца, канфлікт паглыбляецца. Усё гэта адбываецца на фоне супрацьстаяння па лініі Еўрапейскі саюз — афіцыйны Мінск, лічыць Жанна Літвіна. “Па горкай іроніі, гэта адбылося якраз у Дзень Канстытуцыі, артыкул 30 якой гарантуе грамадзянам краіны свабоду перасоўвання… Зараз для нас галоўнае — дамагчыся інфармацыі пра тое, хто тыя спісы складаў і на якой падставе, — заявіла кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец падкрэсліў, што гэтыя абмежаванні на выезд з краіны не грунтуюцца ні на якіх нарматыўных актах. “Яны супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і заканадаўству аб парадку ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і выезду з Рэспублікі Беларусь грамадзян краіны. Пералік прычын, па якіх выезд можа быць абмежаваны, у заканадаўстве выкладзены як выключны, і там няма такой фразы, як у іншых заканадаўчых актах — “…і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Там ёсць жорстка пералічаныя пункты, і ніякіх іншых абмежаванняў няма. Наколькі мне вядома, ніхто з тых калегаў, якіх не выпусцілі з краіны, не меў падстаў для таго, каб са штампамі ў пашпартах ці без іх не быць выпушчаным з Беларусі, — падкрэсліў юрыст.
Як заўважыла Жанна Літвіна, цяпер шмат што будзе залежаць ад вынікаў пасяджэння Савета Еўрасаюза 23 сакавіка, на якім будзе разглядацца і “беларускае пытанне.
15 сакавіка Праўленне БАЖ прыняло спецыяльную заяву з нагоды абмежавання права на выезд з краіны журналістаў і сябраў арганізацыі.
Заява БАЖ, а таксама персанальныя скаргі журналістаў на дзеянні афіцыйных структураў па абмежаванні іх свабоды перасоўвання ўжо 15 сакавіка будуць накіраваны ў адпаведныя дзяржаўныя органы.