Следчы камітэт аднавіў крымінальную справу па факце знікнення Юрыя Захаранкі

Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. Ён атрымаў адпаведнае апавяшчэнне са Следчага камітэту за подпісам начальніка аддзела, следчага Юрыя Вараўкі.

zacharanka_1_1_logo_1.jpg

Згодна з паведамленнем СК, прыпыненае папярэдняе расследаванне па справе Захаранкі адноўлена 18 снежня — праз 2 дні пасьля рэзананснага інтэрв'ю Deutsche Welle, у якім Юрый Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону смерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі.
Па любой інфармацыі ў СМІ не абавязкова чакаць заявы ці хадайніцтва сваякоў, а ў заяве Гараўскага сапраўды былі важкія абвінавачанні і вельмі цікавая інфармацыя, якую трэба правяраць, адзначае праваабаронца.
«Ім таксама трэба далучыць гэты відэазапіс Deutsche Welle да справы і разбірацца з заявамі, агучанымі ў інтэрв'ю. Калі там паклёп, Следчы камітэт абавязаны звяртацца ў праваахоўныя органы і пісаць, што гэта паклёп, інфармацыя не пацвердзілася — гэта цэлы працэс», — сказаў Алег Воўчак.
Праваабаронца мяркуе, што аўтаматычна прыпыненыя справы аб выкраданні Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага таксама хутка будуць адноўленыя. Хадайніцтвы ў Следчы камітэт аб аднаўленні папярэдняга следства падавалі сваякі зніклых Святлана Завадская і Ірына Красоўская 23 і 22 снежня адпаведна.
svaboda.org