СК завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб выбуху на цукровым камбінаце ў Скідзелі
Нагадаем, у выніку здарэння загінулі чатыры чалавекі.
Паводле дадзеных следства, 25 лютага 2017 года прыблізна ў гадзіну ночы падчас транспарціроўкі цукру-пяску па галерэі, якая злучае склад ёмістасцю 15 тысяч тон і галоўны вытворчы корпус прадпрыемства, адбыўся выбух узважанага ў паветры цукровгай пылу.
У выніку здарэння пяць працаўніц прадпрыемства з апёкамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваны. Нягледзячы на аказаную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, чацвёра з іх памерлі ў сакавіку 2017 года.
Яшчэ адной жанчыне прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, яна доўгі час знаходзілася на лячэнні ва ўстанове аховы здароўя і страціла працаздольнасць.
Па факце здарэння ўпраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці была ўзбуджаная крымінальная справа.
Следства ўстанавіла, што выбух на камбінаце адбыўся праз назапашаны цукровы пыл, які змешваўся з паветрам і асядаў на абсталяванні, будаўнічых канструкцыях, паветраводах, падлозе, прадметах і абстаноўцы.
Абсталяванне, прызначанае для выдалення пылу, эксплуатавалася неналежным чынам і не забяспечвала яго эфектыўнае ухіленне. Прыборка назапашванняў пылу праводзілася нерэгулярна, несвоечасова і не ў поўным аб'ёме.
Паведамляецца, што службовыя асобы камбіната ведалі пра гэта. Ім паступалі скаргі на ўмовы працы з боку работнікаў, што пацвярджаецца матэрыяламі крымінальнай справы. Следчыя прад'явілі абвінавачванні ў службовай халатнасці галоўнаму інжынеру камбіната, начальніку цэха гатовай прадукцыі і яго намесніку.
Па дадзеных следства, у выніку здарэння, якое забрала жыцці чатырох чалавек, прадпрыемству таксама нанесена маёмасная шкода на суму больш за 500 тысяч рублёў.
Следчы камітэт накіраваў прадстаўленні аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства, у адрас канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Дзеянні траіх абвінавачаных кваліфікаваныя па арт. 428 (службовая халатнасць) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
sk.gov.by