Сёння прысуд па справе «ашмянскіх мытнікаў». Коратка пра самае галоўнае

8 жніўня а 14 гадзіне ў Мінскім абласным судзе будзе абвешчаны прысуд першай групе былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні, якіх абвінавацілі ў стварэнні арганізаванай злачыннай групы.

Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары, 18 лістапада 2016 года

Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары, 18 лістапада 2016 года

Як усё пачалося?

На пачатку красавіка 2015 года па Ашмянах і ваколіцах папаўзлі чуткі пра арышты супрацоўнікаў мясцовай мытні, якая абслугоўвае памежны пункт «Каменны лог». Людзі расказвалі пра дзясяткі арыштаваных і пра мільёны канфіскаваных долараў. Усяго праз некалькі дзён у эфіры тэлеканалу АНТ пра справу, якую пазней назавуць «справай ашмянскіх мытнікаў», расказаў сам кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

«Зусім нядаўна выявіўся абуральны выпадак. Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста „Каменны Лог“. Крымінальная схема дзейнічала працяглы тэрмін. Фігурантамі з’яўляюцца каля 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі долараў», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны заявіў, што нанесеныя дзяржаве страты павінны быць кампенсаваныя ў 3–5-кратным памеры.

Сярод арыштаваных ашмянскіх мытнікаў быў вядомы краязнаўца з Варнян Алесь Юркойць. Як расказвала журналістам ягоная жонка, Юркойця пасля затрымання адразу адвезлі ў Мінск.

Адзін з абвінавачаных — Алесь Юркойць, вядомы краязнаўца, прапагандыст беларускай мовы

Адзін з абвінавачаных — Алесь Юркойць, вядомы краязнаўца, прапагандыст беларускай мовы


У чым абвінавацілі мытнікаў?

Праз дзень пасля заявы Лукашэнкі прэс-служба КДБ паведаміла пра крымінальныя справы супраць 19 дзейных супрацоўнікаў Ашмянскай мытні. Усяго на пачатку красавіка 2015 году было заведзена 5 крымінальных спраў па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — за даванне хабару і за яго атрыманне.

Па інфармацыі, распаўсюджанай КДБ, супрацоўнікі Ашмянскай мытні прапускалі праз мяжу з Літвой тавары без належнага афармлення, за што атрымлівалі сумы ад 250 да 3000 долараў. Падчас ператрусаў дома ў мытнікаў было знойдзена больш за 2,2 мільёна долараў наяўнымі.

Колькі чалавек праходзіць па справе?

Цяжка сказаць дакладна. Першапачаткова КДБ паведамляў пра затрыманне 19 чалавек. Аднак пазней стала вядома, што колькасць фігурантаў справы можа даходзіць да 60. Пра затрыманне кіраўніка Ашмянскай мытні Івана Невяркевіча стала вядома толькі зімой 2016 году, калі ён ужо быў асуджаны на 7 гадоў калоніі. На судовых пасяджэннях з’яўлялася інфармацыя, што колькасць абвінавачаных даходзіць да 58 чалавек.

Як праходзіла следства?

Ад першых затрыманняў да пачатку разгляду справы ў судзе прайшоў год і сем месяцаў. Некаторых мытнікаў праз некалькі месяцаў выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, аднаго з фігурантаў справы давялося лавіць на тэрыторыі Украіны. Акрамя мытнікаў, КДБ затрымаў таксама двух прадпрымальнікаў — грамадзяніна Літвы Артура Тураева і жыхара Астраўца Паўла Рэваку.

Па версіі следства, у Ашмянскай мытні на працягу 2010–2015 гадоў дзейнічала арганізаваная злачынная групоўка, кіраўніком якой быў былы старшыня аднаго з аддзелаў мытнага афармлення і кантролю Гарнік Сарумянц. Прадпрымальнікі Тураеў і Рэвака праз створаную Сарумянцам сетку супрацоўнікаў мытні перадавалі грошы інспектарам за тое, каб іх фуры перасякалі пункт пропуску «Каменны Лог» без надгляду. Следчыя сабралі звесткі пра больш як 4500 грузавікоў. За кожны прапушчаны без надгляду аўтамабіль мытнікі атрымлівалі ад 200 да 250 долараў. У машынах, якія выконвалі замовы прадпрымальніка Тураева, у асноўным знаходзіліся кветкі — іх везлі на продаж у Расію і Казахстан.

Што адбывалася на судах?

Першым, асобна ад усіх іншых затрыманых, судзілі былога начальніка Ашмянскай мытні Івана Невяркевіча. Пра яго затрыманне КДБ не паведамляў, і журналісты пра суд даведаліся пасля яго завяршэння. Невяркевіч узначальваў мытню ў Ашмянах 10 гадоў, у 2014 нават атрымаў медаль «За працоўныя дасягненні». Прыкладна ў траўні 2015 года, акурат пасля масавых затрыманняў, Ашмянскую мытню ўзначаліў новы чалавек — Васіль Шостак. 29 снежня 2015 году Невяркевічу прысудзілі 7 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Пазней прысуд Невяркевічу змякчылі да 6 гадоў.

Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.

Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.

У лістападзе 2016 года пачаліся суды над падначаленымі Невяркевіча. Ашмянскіх мытнікаў судзілі групамі па 11–16 чалавек, працэсы ішлі адначасова ў чатырох розных судах. На судах мытнікі ў асноўным прызнаваліся ў тым, што бралі хабар за пропуск грузавых аўтамабіляў без надгляду. Аднак не заўсёды пагаджаліся з сумай атрыманага.

«Гэта завышаная сума. Я атрымаў прыкладна 6 тысяч долараў, ну, магчыма, крыху больш, але не 11!», — казаў на працэсе былы мытнік Ігар Якуценка.

Сваю віну прызнаюць не ўсе абвінавачаныя. У прыватнасці, краязнаўца Алесь Юркойць адмаўляе, што быў удзельнікам арганізаванай злачыннай групоўкі і браў хабар.

Як патрабуе пакараць ашмянскіх мытнікаў пракурор?

Падчас судовых спрэчак 29 ліпеня пракурор запатрабаваў для абвінавачаных тэрміны ад 3 гадоў абмежавання волі да 12,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, паводле дзяржаўнага абвінавачання, мытнікі павінны кампенсаваць дзяржаве нанесеную шкоду. Сумы фігуруюць таксама розныя — ад 3300 долараў да 124 тысяч.



Якім будзе прысуд?

Даведаемся ў аўторак, 8 жніўня, калі скончыцца працэс над кіраўнікамі групы. Чакаецца, што апошнія прысуды па справе ашмянскіх мытнікаў будуць вынесеныя ў верасні. Да гэтага часу некаторыя з фігурантаў, якіх не выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, прабудуць за кратамі ў СІЗА па 2 гады і 5 месяцаў. Гэта прыроўніваецца да 5 гадоў калоніі.

www.svaboda.org