За акцыю салідарнасці з палітвязнямі Мікола Дзядок атрымаў штраф

Анархіста Міколу Дзядка, затрыманага 4 сакавіка за акцыю падтрымкі палітвязняў, асудзілі сёння ў Цэнтральным судзе Мінска. Суддзя — Вікторыя Шабуня.

53317831_2061671807291847_5834795891470368768_n_logo.jpg


Нагадаем, Міколу Дзядка затрымалі 4 сакавіка пасля выхаду з будынка суда Фрунзенскага раёна, дзе яго асудзілі да штрафу ў 1275 рублёў за рэпосты ў сацыяльных сетках.

img_0382_1280x853_logo_1.jpg


Падставай для затрымання стала акцыя салідарнасці з палітвязнямі 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, у якой Мікола браў удзел.

53563411_567016407120658_1398762842764607488_n_logo.jpg

Фота Арцёмы Лявы
Як паведамляе тэлеграм-канал Міколы Дзядка, пасля затрымання на яго былі складзены яшчэ два пратаколы па фотаздымкам з флешмоба супраць закона аб экстрэмізме. Калі будзе суд па гэтым пратаколам — не вядома.
Працэс пачаўся. Мікола прызнае ўдзел у акцыі, але не прызнае сваёй віны. Яго вінавацяць у парушэнні арт.10 Закона пра масавыя мерапрыемствы. Трымаў партрэт Барановіча і крычаў "Свабоду палітвязням", чым парушыў арт. 23.34 КаАП.
Мікола Дзядок: "Гэты закон фактычна не дае магчымасці ажыццявіць сваё права на мірныя масавыя акцыі. Я палічыў сваім маральным абавязкам выйсці з партрэтам Барановіча, бо ён бараніў анархістаў падчас масавай акцыі і за гэта цяпер у турме. Мае дзеянні ніякім чынам не неслі пагрозу грамадству. Давядзенне гэтай справы да суда лічу абсурдным".
Сведка амапавец Эдгар Коласаў сцвярджае, што пікет пагражаў іншым грамадзянам, перашкаджаў мінакам. Але патлумачыць, якім чынам гэтая перашкода адбывалася, і чаму не было спробаў спыніць парушэнне, не змог. 
Таксама выявілася, што пратакол апытання быў складзены з парушэннямі.
Мікола Дзядок адзначыў, што ніхто, нават міліцыянты, не выказвалі прэтэнзій да ўдзельнікаў акцыі. Пры гэтым усе міліцыянты былі ў цывільным. Чаму на судзе не прысутнічаюць людзі, якім заміналі пікетоўцы? Тым больш, што памеры плошчы даюць магчымаць абыйсці пікет.
Адвакатка Дзядка Наталля Мацкевіч звяртае ўвагу на вяршынства Канстытуцыі (арт 23) і права людзей на масавыя акцыі. Парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян — удар па рэпутацыі краіны. У Міжнародным пакце пра грамадзянскія і палітычныя правы, які ратыфікавала Беларусь, прапісана права на свабоду сходаў. Пакаранне штрафам ці арыштам будзе абсалютна несувымерным дзеянням Дзядка. Пры гэтым яна спаслалася, на арт 8.2 КаАП, які ў дадзеным выпадку дазваляе вызваліць Дзядка ад адказнасці. 
Пасля перапынку абвешчаны прысуд: згодна з ч.1 арт. 23.34 КаАП Мікола Дзядок прысуджаны да штрафу ў 25 базавых велічынь.