У цэнтры Мінска прайшла акцыя ў падтрымку палітвязняў (відэа, фота)

На Кастрычніцкую плошчу ў Мінску выйшлі грамадскія актывісты з партрэтамі палітзняволеных.

img_0401_1280x853_logo.jpg


У акцыі на Кастрычніцкай плошчы прынялі ўдзел каля 10 чалавек. Незадоўга да яе быў прэвентыўна затрыманы Павел Севярынец, які заклікаў людзей сёння вечарам прыходзіць з партрэтамі тых, каго Форум “Свабоду палітвязням” вызнае палітзняволенымі. Такое рашэнне палітык прыняў таму што, у апошні час ўзмацніўся ціск на зняволеных па палітычных матывах. Напрыклад, Святаслава Барановіча перавялі з калоніі ў крытую турму. Штрафным ізалятарам пастаянна караюць Міхаіла Жамчужнага. Пэўны ціск зазнаюць іншыя палітзняволеныя. 

img_0399_1280x853_logo.jpg


Тым не менш, нават у адсутнасць Паўла Севярынца акцыя адбылася. Гэта сведчыць пра належны ўзровень самаарганізацыі дэмакратычных актывістаў.

img_0413_1280x853_logo.jpg


Удзельнікі акцыі прынеслі раздрукаваныя партрэты тых, хто зазнаў палітычны пераслед (у руках трымалі партрэты Святаслава Барановіча, Міхаіла Жамчужнага, Ігара Комліка), а таксама разгарнулі транспарант “Свабоду палітвязням!”

img_0391_1280x853_logo.jpg


“Я заўжды хаджу на акцыю падтрымкі паітвязняў, каб грамадзяне Беларусі даведаліся пра тых, хто пакараны дзяржавай па сфабрыкаваных справах, кінуты за краты за свае погляды палітычныя, за свае перакананні, за прагу да нацыянальных каштоўнасцяў. Гэта ў асноўным людзі з высокай адукацыяй, кандыдаты навук, гісторыкі, краязнаўцы. Гэта гонар нацыі,” — кажа ўдзельніца Вольга Нікалайчык.

img_0406_1280x853_logo.jpg


“Я асабіста выйшаў, каб падтрымаць перш за ўсё Святаслава Барановіча, якога днямі адправілі ў крытую турму, дзе вельмі кепска, дзе вельмі складаныя ўмовы жыцця. Яго пакаралі за ягоныя погляды, за тое, што ён вельмі крытычна настроены да ўладаў і за тое, што бараніў анархістаў ад “шунявак”. Праз гэта сістэма яму зараз помсціць”, — кажа Мікалай Дзядок. 

img_0382_1280x853_logo.jpg


Удзельнікі акцыі спадзяюцца, што пад уплывам Еўрасаюза напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, якія маюць прайсці сёлета ў Беларусі, беларускія ўлады ўсё ж вымушаны будуць вызваліць палітвязняў. Але для гэтага пра праблему трэба публічна нагадваць.

img_0389_1280x853_logo.jpg


Актывісты скончылі акцыю скандаваннем “Свабоду палітвязням!” і “Жыве Беларусь” а таксама падзякавалі журналістам незалежных СМІ за яе асвятленне.


Гэтым разам падчас акцыі абышлося без эксцэсаў з міліцыяй. Праўда што, людзі ў цывільным праводзілі аператыўную відэаздымку, якая хутчэй за ўсё будзе прад’яўлена ў судзе ў якасці доказаў несанкцыяванай акцыі. Таму не выключана, што яе ўдзельнікі будуць пакараныя пазьней. 

Дапоўнена: як паведамляе тэлеграм-канал Баста, міліцыя шукае ўдзельнікаў сённяшняй акцыі. Затрыманы актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Арцём Чарняк. Яго вязуць у РУУС Цэнтральнага раёна Мінска.