Сёння адбудзецца развітанне з паэтам Ігарам Канановічам

Ігар загінуў, упаўшы з даху ў самым цэнтры Мінску ў нядзелю, 19 чэрвеня. Афіцыйнай інфармацыі, ці была ягоная смерць самагубствам, няма. Развітанне з ім адбудзецца сёння, 21 чэрвеня, на яго малой радзіме, па адрасе: горад Клецк, вуліца Перамогі, д. 93 кв. 28.

Ігар Канановіч фото з Фб

Ігар Канановіч фото з Фб


«Нельга, канечне, не падзякаваць тутэйшай бяздарнай і бесчалавечнай уладзе — яна і стварыла гэтае канцэнтравана ёлкае, атрутнае асяродзьдзе, у якім, падобна да майго, распаўзаюцца мільёны беларускіх лёсаў...» — такі допіс за тры дні да сьмерці пакінуў у Фэйсбуку паэт Ігар Канановіч. 22 ліпеня яму мела споўніцца 33 гады.


«Я размаўляла з ім літаральна за 20 хвілін да трагедыі. Ён усміхаўся ў слухаўку, быў вельмі ўзрадаваны, што вырашылася пытанне з жытлом. Я і падумаць не магла, што такое здарыцца, — расказвае Радыё Свабода сяброўка Ігара — Дарʼя Зялінская-Макаўчык. — Сёння раніцай, да таго, як уключыць ноўтбук і прачытаць гэтую страшную навіну, я яшчэ чакала, што празь якую гадзіну ён прыедзе да мяне... Не ўкладваецца ў галаве...»

Канановіч загінуў, упаўшы з даху ў самым цэнтры Мінску ў нядзелю, 19 чэрвеня. Афіцыйнай інфармацыі, ці была ягоная смерць самагубствам, няма.

Ігар нарадзіўся ў Клецку, скончыў філялягічны факультэт БДУ, пасля працаваў школьным настаўнікам у сябе на радзіме.

Дарʼя Зялінская-Макаўчык, якая сябравала з Ігарам яшчэ з часоў паступленьня ва ўнівэрсітэт, распавядае: «Мы адразу пасябравалі. Ён быў надзейным чалавекам, вельмі падтрымліваў мяне ў цяжкія часы. Аднадумца. Таленавіты чалавек. Годны беларус. Не цярпеў хлусні і крывадушнасці. Шмат чытаў, пісаў добрыя вершы, некаторыя з іх сталі ўжо песьнямі. Зь ім заўжды было цікава. На ўсё меў сваё меркаванне».

«Ён заўжды быў моцны чалавек, не здаваўся. У яго ў жыцці было шмат усяго — і з унівэрсітэту яго выключалі. Ён жа спачатку на інжынэра вучыўся, але зразумеў, што гэта не ягонае. Рэзка памяняў свой лёс, перайшоў на філфак. А гэта ж зусім іншае, — распавядае Радыё Свабода зямлячка Ігара Тацьцяна Дрозд. Яны таксама разам вучыліся на філфаку і жылі ў адным інтэрнаце. — У школе працаваў. Але не ўпісаўся ў сістэму, бо там сістэма савецкая. Але зьбіраў дзяцей у нейкія музычныя гурты. Гэта нікому не падабалася, бо гэта не прынята. Трэба было ўсё ў рамках рабіць. Дзеці яго любілі, ён такі ўвесь творчы».

Пра свой сыход са школы сам Ігар Канановіч распавядаў у інтэрвію Радыё Свабода. Тады наш аўтар Міхась Скобла гаварыў з ім з нагоды яго ўступлення ў Саюз Пісьменьнікаў.

«Сам сышоў. Таму што невыносна стала працаваць. У начальніка раённага аддзелу адукацыі была ўстаноўка — шукаць у працы падначаленых нэгатыў. Ёсць пазітыў — добра. Але шукайце негатыў, каб было за што круціць хвасты, каб хадзілі ціхія, баязлівыя і займаліся толькі сваім прадметам. Да таго ж, у школе непрыстойна нізкі ўзровень заработнай платы. За апошні свой настаўніцкі месяц я атрымаў усяго 2 мільёны з капейкамі. Праз тры месяцы я апынуўся грузчыкам у гіпермаркеце „Карона“, там заробак — 5 мільёнаў 300 тысячаў. Атрымліваецца, што ў нас грузчык — больш паважная прафесія, чым настаўнік».

Сапраўды ў Менску Канановіч працаваў грузчыкам. Але, як кажа Тацьцяна Дрозд, на жыццё ня скардзіўся.

«Яму ўсё падабалася, кніга ў яго выйшла. Вельмі быў задаволены і ганарыўся, што ў яго першая кніга», — распавядае Тацьцяна. Дэбютная кніга вершаў Ігара Канановіча «Астэроід» выйшла ў сэрыі «Кнігарня пісьменніка» і мела прыхільныя рэцэнзіі.

Апроч паэзіі, Ігар захапляўся музыкаў, вёў Вконтакте літаратурную суполку «Электрычка Мінск — Гарадзея», граў на гітары, пісаў песні. Такім яго запомніла паэтка Тацьцяна Будовіч-Барадуля:

«Ён прыйшоў на вечарыну, якую я арганізоўвала ў музэі Багдановіча. Выступіў па сваёй ініцыятыве, сьпяваў песню. Вечарына была прысьвечаная памяці вельмі трагічнага паэта Васіля Гадулькі. І песьню ён заспяваў на ягоныя словы. Я вельмі ўзрушаная», — кажа паэтка, даведаўшыся пра смерць Канановіча.

Але блізкія сябры ведаюць і іншы бок яго жыцця.

«Апошнім часам у яго былі ня вельмі добрыя часы — ён шукаў працу. Літаральна ўчора я гаварыла з ім, мы дамаўляліся, што ён пераедзе да мяне жыць, бо ў яго канчаўся тэрмін арэнды пакою, а грошы ўжо не было», — кажа Дарʼя Зялінская-Макаўчык

Навіна пра смерць паэта стала нечаканасцю для ягоных сяброў і знаёмых.

«Ён заўжды пісаў усім лісты папяровыя. Ты сядзіш дома, а табе прыходзіць папяровы ліст ад яго. Гэта як паэзія ў прозе. Вершы ён шмат каму прысьвячаў. І ў мяне ёсьць ягоныя вершы, прысьвечаныя мне, — згадвае сябра Тацьцяна Дрозд. — Ён не замарочваўся на матэрыяльным. Канановіч — гэта заўжды гітара, вершы...Немагчыма ўявіць, што гэта адбылося. Такой думкі нават не дапускалі. Людзі ўсе дарослыя, ну так, можна памаркоціцца. Я не магу ўявіць, што для яго гэта ўласьціва. Нават калі мы гістэрылі, ён заўжды быў узважаны, рацыянальны».

«Гэта вялікая страта і для родзічаў, і для сяброў, і для Беларусі», — кажа Дарʼя Зялінская-Макаўчык.

«Адзіныя вершы беларускіх паэтаў, якія мне падабаліся, гэта тыя, што Ігар пісаў. У яго быў несумненны талент», — кажа Тацьцяна Дрозд.

Ігар Канановіч быў сталым аўтарам рубрыкі «Сто словаў» на Радыё Свабода. Зусім нядаўна сайт litaratura.org апублікаваў нізку ягоных вершаў.


Радыё Свабода