Сяргея Гараніна звольнілі з Акадэміі навук

Звольнілі супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Сяргея Гараніна.

haranin.jpg

Навукоўца Сяргея Гараніна, які нядаўна правёў дзесяць сутак на Акрэсціна, звольнілі з Акадэміі навук, паведамляе «З*ркало». Нядаўна ён выйшаў пасля 10 сутак на Акрэсціна.

Сяргей Гаранін не адзіны, каго затрымалі 2 лістапада падчас «аблавы» ў Акадэміі навук. Паводле інфармацыі дзвюх крыніц з навуковага асяроддзя, сілавікі тады «дапытвалі» больш за 40 чалавек. Паводле крыніцы «З*ркала», «яшчэ перад доўгімі лістападаўскімі выходнымі ў прэзідыум Акадэміі навук выклікалі дырэктараў інстытутаў і сказалі звольніць тых, хто пасля нядаўняй "аблавы" апынуўся на "сутках"».


Пра тое, як навуковец правёў час на Акрэсціна, ён распавёў днямі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Бялізны, натуральна, няма, прагулак таксама, ад спёртага паветра ва ўсіх кашаль і вочы заплываюць гноем. Ну, вошы — гэта святое.

Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу. Адзін быў збіты так, што мог ляжыць толькі на жываце. Паклалі яго пад краты, дзе троху цягне халодным паветрам. Так ён мог спаць.

Тым, хто памятае Савецкі Саюз, псіхалагічна лягчэй: мы, у адрозненне ад моладзі, не здзіўляемся, што "к людям можно вот так относиться", мы нічога не чакаем, ні на што спадзяемся і ні ў ва што не верым. — Закрылі? Ну дык сядзі і не злуй "гражданина начальника", бо самому ж горш будзе. Прыдзе час — і ўсё вернецца.

Вернецца абавязкова!

Бо век так не будзе.

Жыве Беларусь



Такім чынам працягваюцца пачатыя яшчэ ў другой палове 2020 года звальненні нелаяльных рэжыму спецыялістаў, якія працуюць у сферы культуры або выкладаюць культуралагічныя, моўныя, гістарычныя навукі ва ўстановах адукацыі.

У маніторынгу ПЭНа ўтрымліваюцца звесткі пра 55 выпадкаў звальнення, непадаўжэння кантракта або стварэння ўмоў для таго, каб спецыяліст звольніўся «паводле пагаднення бакоў».