Праявы моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі
Беларуская мова практычна заўсёды зазнавала паслядоўны прыгнёт на дзяржаўным узроўні. Спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнай мовы дзяржава стварала хіба што ў другой палове 1920-х і на пачатку 1990-х гадоў. У сённяшняй Беларусі беларуская – адна з дзвюх дзяржаўных моў і мова тытульнай нацыі, аднак носьбіты беларускай рэгулярна зазнаюць дыскрымінацыю, а часам і небяспеку. У Еўрапейскі дзень моў Беларускі ПЭН-Цэнтр падрыхтаваў адпаведны агляд.
Нават ва ўмовах маштабнага грамадска-палітычнага крызісу апошніх гадоў многія грамадзяне Беларусі актыўна пераасэнсоўваюць уласную ідэнтычнасць, шукаюць і адстойваюць шляхі сцвярджэння сваёй беларускай прыналежнасці.
Паспрабуем прааналізаваць, як развівалася сітуацыя з заканадаўчым рэгуляваннем правоў носьбітаў беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.
У гады «перабудовы» ва ўсіх рэспубліках Савецкага Саюза адбыўся ўздым нацыянальнага адраджэння, актуалізавалася гэтая тэма і ў БССР. У 1989 годзе прайшоў устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», яго ўдзельнікі агучылі прапанову надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. У 1990 годзе быў прыняты закон «Аб мовах у Беларускай ССР», беларуская была прызнана адзінай дзяржаўнай мовай у рэспубліцы. Увосень 1990 года была прынята Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы. Замацавала статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года, руская ж мова вызначалася ў гэтым дакуменце як «мова міжнацыянальных зносін».
На жаль, гэткія спрыяльныя ўмовы сталі ўсяго толькі часовым акном магчымасцей для беларушчыны. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года распачаўся аўтарытарны рэжым А. Лукашэнкі, па яго ініцыятыве ў 1995 і 1996 гадах адбыліся рэферэндумы, на падставе якіх была скасавана дзяржаўная нацыянальная сімволіка, зацверджаны кірунак на інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, а рускай мове канстытуцыйна быў нададзены статус другой дзяржаўнай. Рэферэндум 1995 года здзяйсняўся ў неправавых умовах, 19 дэпутатаў галадалі ў знак нязгоды з яго правядзеннем, але былі збіты супрацоўнікамі сілавых структур і гвалтам выведзены з будынка Вярхоўнага Савета. Парламенцкая асамблея АБСЕ вызначыла, што рэферэндум 1995 года не адпавядаў міжнародным нормам свабоднага і справядлівага галасавання.
У 1997 годзе быў прыняты Статут Саюза Беларусі і Расіі, паводле якога афіцыйнымі мовамі Саюза сталі беларуская і руская, але ў якасці працоўнай мовы органаў Саюза была пазначана руская.
У 1998 годзе рэдакцыя закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» легітымізавала беларуска-рускае двухмоўе ў дзяржаўнай і грамадскай сферы.
Такім чынам, у актуальным беларускім заканадаўстве моўныя правы абазначаюцца найперш у лаканічных фармулёўках дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта артыкул 17:
«Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы».
А таксама частка артыкула 50:
«Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання».
Больш разгорнута моўныя правы грамадзян Беларусі апісваюцца ў законе «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Спашлёмся на два артыкулы гэтага закона, якія мы лічым базавымі:
Артыкул 2. Дзяржаўныя мовы, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.
Артыкул 4. Абавязак кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў валодаць беларускай і рускай мовамі
Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.
Агаворка пра базавыя артыкулы невыпадковая. Мы ўжо згадвалі, што ў 1998 годзе закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» быў адрэдагаваны. У фармулёўкі дадалі злучнік або, што ўзмацніла практыку ігнаравання і парушэння правоў беларускамоўных асоб: Акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах… На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова… У Рэспубліцы Беларусь навучанне і выхаванне ў дашкольных і сацыяльна-педагагічных установах ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах…
Калі кіравацца артыкуламі 2 і 4 закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» як асноўнымі, фармулёўкі са злучнікам або (якія нібыта спрыяюць магчымасці моўнага выбару грамадзян) мусяць бараніць найперш моўныя правы прыватных асоб. На жаль, на практыцы азначаныя фармулёўкі часцей за ўсё інтэрпрэтуюцца як дазвол афіцыйным інстанцыям і службовым асобам Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваць толькі рускую мову, незалежна ад запытаў насельніцтва. Гэтая практыка супярэчыць як ужо згаданым базавым артыкулам 2 і 4 закона «Аб мовах», так і нормам такіх глабальных праваабарончых дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, зацверджаная і абвешчаная ў 1948 годзе Генеральнай асамблеяй ААН, або Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў, распрацаваная і прынятая ўстановамі і няўрадавымі арганізацыямі на спецыяльнай сустрэчы ў Барселоне 6–9 чэрвеня 1996 года.
Разгледзім, да якіх наступстваў прывяла такая наўмысная двухсэнсоўнасць моўнага заканадаўства ў Беларусі.
Афіцыйная статыстыка, датычная моўнага стану ў Рэспубліцы Беларусь за апошнія дзесяцігоддзі.
Каб атрымаць сістэмнае і падмацаванае лічбамі ўяўленне пра развіццё моўнай сітуацыі ў Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі, мы прааналізавалі змест усіх (каля 250) статыстычных зборнікаў, выдадзеных з 2012 па 2022 год і апублікаваных на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Моўную статыстыку ў тым ці іншым выглядзе прапануюць 37 выданняў з разгледжаных. Апублікаваныя на сайце статыстычныя даныя, датычныя моўнага становішча, ахопліваюць 1990–2021 гады. Як правіла, праз моўную прызму падаюцца звесткі пра кніжны і перыядычны друк, адукацыйныя ўстановы, бібліятэчныя фонды: інфармацыя такога кшталту прапануецца ў шэрагу выданняў «адукацыйна-культурнай» тэматыкі.
Пры гэтым звесткі, датычныя мовы, паслядоўна адсутнічаюць у такіх афіцыйных статыстычных зборніках, як «Беларусь в цифрах», «Наука и инновационная деятельность в Республике Беларусь», «Информационное общество в Республике Беларусь», «Сфера услуг в Республике Беларусь», «Регионы Республики Беларусь», «Семья в Республике Беларусь» і інш. То-бок моўны фактар не разглядаецца выканаўцамі статыстычных даследаванняў як вызначальны для большасці сфер. Таксама мусім адзначыць, што амаль усе статыстычныя даследаванні выконваюцца/публікуюцца толькі па-руску (адзіным выключэннем з усіх наяўных зборнікаў стала двухмоўнае выданне «Итоги переписи населения Республики Беларусь 2019 года = Вынікі перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года»), што таксама відавочна парушае правы беларускамоўнага насельніцтва.
Што ж нам кажуць лічбы статыстыкі?
Носьбіты мовы. З публікацыі вынікаў перапісу-2019 відаць, што доля беларусаў, якія лічаць беларускую мову роднай, зменшылася за перыяд 1999–2019 гадоў з 86% да 61% (мінус 2 145 552 асоб). Доля беларусаў, якія размаўляюць дома па-беларуску, зменшылася за гэтыя два дзесяцігоддзі з 41% да 28% (мінус 1 098 033 асоб). Вельмі важна зазначыць, што імклівае змяншэнне колькасці носьбітаў мовы тытульнай нацыі ні ў якім разе не можа характарызавацца як натуральны працэс і, безумоўна, з'яўляецца наступствам і сведчаннем паслядоўнай прымусовай русіфікацыі з боку дзяржавы.
Адукацыя. За 2005–2020 гады доля дзяцей, якія навучаюцца і выхоўваюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі па-беларуску, зменшылася з 12,7% да 9%. Доля вучняў, якія вучацца па-беларуску ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі, зменшылася за гэтыя 15 гадоў з 23% да 10,7%. Доля навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, зменшылася з 0,9% да 0,09%. Доля беларускамоўных студэнтаў ВНУ зменшылася за гэты час з 1,9% да 0,07%; доля студэнтаў, якія вучацца па-беларуску і па-руску, зменшылася з 41,9% да 38%. Колькасць настаўнікаў беларускай мовы ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі зменшылася за 2005–2020 гады з 8 574 да 6 732 асоб.
Бібліятэкі. За 2005–2021 гады колькасць беларускамоўных выданняў у бібліятэчных фондах краіны зменшылася з 13 749,2 да 9 394,7 тыс. экзэмпляраў. Пры гэтым значная частка беларускамоўных выданняў захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, там дынаміка якраз станоўчая: колькасць дакументаў па-беларуску павялічылася з 253,7 да 378,8 тыс. экзэмпляраў за акрэслены перыяд. З аднаго боку, гэта хоць нейкая добрая навіна для абаронцаў моўных правоў, з другога, такі факт сведчыць, што доступ да беларускамоўных выданняў у Беларусі ўскладняецца для «простага» насельніцтва, робіцца не столькі агульным правам, колькі прывілеем для абранага кола.
Прэса. За 1990–2020 гады гадавы тыраж газет па-беларуску зменшыўся з 33,3 млн да 1 млн экзэмпляраў, гадавы тыраж часопісаў па-беларуску – з 312 да 39,6 млн экзэмпляраў.
Кнігадрукаванне. За 1990–2020 гады гадавы тыраж кніг і брашур па-беларуску зменшыўся з 9,3 да 3,1 млн экзэмпляраў.
Медыя. У адным са зборнікаў мы знайшлі даныя пра мову тэлевізійнага вяшчання. На жаль, яны ахопліваюць толькі адзін год, таму не даюць магчымасці прасачыць і паслядоўна ахарактарызаваць дынаміку змен. Але ва ўсялякім разе занатуем, што ў 2011 годзе беларускамоўнае вяшчанне на тэлеканалах «дзяржаўнага пакета» Рэспублікі Беларусь займала 626 гадзін эфірнага часу (пры 35 302 рускамоўных гадзінах). І пракаментуем гэты факт як відавочную неадпаведнасць палажэнням і нормам Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў, якая вызнае права супольнасці на справядлівую прысутнасць сваёй мовы і сваёй культуры ў сродках масавай інфармацыі.
Такім чынам, можна канстатаваць паслядоўнае страчванне беларускай мовай пазіцый ва ўсіх разгледжаных пры дапамозе статыстычных звестак сферах.
Зазначым пры гэтым, што даступныя ў публічным фармаце даныя афіцыйнай статыстыкі, якія ўлічваюць моўны аспект, носяць выбарачны і фрагментарны характар. Як правіла, наяўныя статыстычныя даследаванні пакідаюць для беларушчыны нязначную частку «адукацыйнага-культурнага» поля – і нават тады яны рэдка дазваляюць адсачыць доўгатэрміновую дынаміку. Каб адлюстраваць паслядоўныя змены ў пэўных галінах нават на працягу двух-трох дзесяцігоддзяў, нам давялося збіраць даныя з розных статыстычных выданняў.
Да таго ж цяперашняя афіцыйная статыстыка абсалютна не адлюстроўвае функцыянавання беларускай мовы ў такіх сферах, як эканоміка і фінансы, навука і тэхналогіі, працоўныя адносіны, медыцына, вайсковая справа, судаводства, справаводства і г. д.
Штодзённыя праявы моўнай дыскрымінацыі ў Рэспубліцы Беларусь
Тым часам у інфапрасторы (у прэсе, на сайтах прафесійных медыярэсурсаў і на прыватных старонках у сацыяльных сетках) рэгулярна з’яўляюцца і абмяркоўваюцца навіны пра чарговы выпадак моўнай дыскрымінацыі. А часам і яшчэ горш – пра адкрытыя пагрозы, ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да беларускамоўных асоб. Зафіксаваныя факты сведчаць, што моўныя правы парушаюцца ў розных сферах.
Адукацыя
Гэтая сфера – адна з найважнейшых у прыватным і публічным жыцці, таму асноўныя сведчанні парушэнняў за апошнія дзесяцігоддзі датычаць менавіта адукацыі на розных ступенях. Гвалтоўны перавод беларускіх класаў на рускую мову пасля кароткага адраджэння пачатку 1990-х гадоў пачаўся з прэзідэнцтвам А. Лукашэнкі. Паводле сведчання Беларускага Хельсінскага Камітэта (БХК), за 1994–1998 гады ў Беларусі было зачынена каля 500 беларускіх школ, у Мінску не засталося ніводнай беларускай школы, у Гродне – адна, у Магілёве ў 1997/1998 навучальным годзе зусім не было набору ў беларускія класы.
У 2020–2022 гадах сітуацыя працягвае пагаршацца: універсітэту імя Ніла Гілевіча (установе, што мелася быць адзінай беларускамоўнай ВНУ) давялося спыніць працэс атрымання ліцэнзіі Міністэрства адукацыі. У Гомелі – абласным цэнтры – няма ніводнай адукацыйнай установы з беларускай мовай выхавання або навучання. Масава закрываюцца вясковыя школы з беларускай моваю навучання, якія часта з’яўляюцца мясцовымі культурнымі асяродкамі: напрыклад, з закрыццём беларускай школы ў вёсцы Смольгава страціў дах адзіны ў краіне музей Уладзіслава Сыракомлі. Па ініцыятыве старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай перавялі на рускую мову навучання беларускую школу ў Жыровічах, што стала нечаканасцю для вучняў, бацькоў і педагогаў. Гісторыю Беларусі выкладаюць па-руску нават у беларускамоўных школах. У намінальна беларускіх групах і класах не дапільноўваецца моўны фармат: імпрэзы ладзяцца па-руску, педагогі размаўляюць з вучнямі па-руску на перапынках, а часам і на занятках. Не стае падручнікаў, дапаможнікаў, працоўных сшыткаў і дзённікаў на беларускай мове. Няма беларускамоўных лагапедаў і літаратуры па дэфекталогіі на беларускай мове. На ўступных экзаменах у Ліцэй БДУ ў 2021 годзе бланкі і экзаменацыйныя заданні былі прапанаваны толькі па-руску. Стандартныя заяўкі на залічэнне новых вучняў у школы маюць прадвызначаную опцыю навучання па-руску, заяўкі на беларускае навучанне адміністрацыя ўстаноў адмаўляецца прымаць, пры гэтым спецыялісты аддзелаў адукацыі пасля тлумачаць змяншэнне колькасці беларускамоўных устаноў незацікаўленасцю бацькоў.
Насуперак усяму бацькі вучняў дэманструюць матывацыю і часам дамагаюцца адкрыцця беларускамоўных класаў, напрыклад, у жодзінскай агульнаадукацыйнай школе № 6 ў 2021 годзе. Маці аднаго з вучняў, Анастасія Герыловіч, сведчыць, што дамагчыся адкрыцця беларускамоўнага класа было складана, аддзел адукацыі чыніў перашкоды. Можна параўнаць гэту сітуацыю з выпадкам 1997 года, калі гродзенец Ю. Мацко судзіўся з уладамі, бо яго дачцэ адмовілі ў навучанні па-беларуску. На жаль, тады судовы працэс скончыўся не на карысць істца.
Культура
У 1998 годзе ў заяве БХК адзначалася, што дзяржаўныя выдавецтвы не друкуюць творы Васіля Быкава, са школьнай праграмы выкрэсліваюць творы вядомых пісьменніц Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш, мясцовыя ўлады адмаўляюцца даваць пляцоўкі і залы для музычных канцэртаў і імпрэз на беларускай мове.
У 2022 годзе ў Беларусі з 29 прафесійных тэатраў па-беларуску працуюць усяго 6. Адзін з іх – Тэатр юнага гледача – пачаў ставіць спектаклі па-руску, у тым ліку і паводле твора Васіля Быкава. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 2021 годзе не працягнулі працоўны кантракт культурнай дзяячцы Ларысе Сімаковіч, з яе слоў, «на сённяшні дзень там не засталося ніводнага чалавека, які б валодаў у той меры беларускай мовай, як валодаю я». Нацыянальнае агенцтва па турызме здымае відэаролікі, арыентаваныя на беларускага гледача, па-руску і па-англійску, беларускай версіі відэа не мае. Здараецца, што на бібліятэчных стэндах няма ніводнай беларускамоўнай кнігі да Дня роднай мовы.
Радыё і тэлебачанне
У 1998 годзе ў заяве БХК адзначалася, што пасля закрыцця беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё-101,2» не засталося ніводнага беларускамоўнага незалежнага радыёканала. З пяці масавых тэлеканалаў на той час чатыры былі рускамоўнымі. На адзіным беларускамоўным канале беларуская мова займала менш за палову эфірнага часу.
Вышэй мы адзначалі, што ў адным са зборнікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта знайшліся звесткі пра тое, што ў 2011 годзе беларускамоўнае вяшчанне на тэлеканалах «дзяржаўнага пакета» Рэспублікі Беларусь займала 626 гадзін эфірнага часу пры 35 302 рускамоўных гадзінах (то-бок 1,7% эфірнага часу).
З таго часу тэндэнцыя на змяншэнне беларускай мовы ў эфіры дзяржаўнага радыё і тэлебачання не спыняецца: напрыклад, гледачы сведчаць, што ў красавіку 2021 года выпуск ранішніх навін на тэлеканале «Беларусь 4 (Брэст)» упершыню выйшаў на рускай мове. У прыёмнай тэлерадыёкампаніі заявілі, што пераход на рускую мову «ні з чым не звязаны».
Помнікі і памятныя мясціны
Беларуская мова рэгулярна выцясняецца дзяржаваю з месцаў памяці і памятных аб’ектаў: у 2021 годзе Полацкі райвыканкам пастанавіў пераназваць па-руску беларускія назвы геалагічных помнікаў. У 2022 годзе ў Оршы вулічныя і музейныя паказальнікі аформлены толькі па-руску і па-англійску; у Гомелі сярод прапанаваных грамадскасці лагатыпаў да Дня горада адзіны беларускамоўны варыянт быў выкананы з арфаграфічнымі памылкамі; у Мінску аб’екты, прысвечаныя Году гістарычнай памяці, падпісалі выключна па-руску.
Тавары і паслугі
Мова рэкламы, шыльдаў і вулічных надпісаў у 1998 годзе – руская, гаворыцца ў тагачаснай заяве БХК. Пра цяперашні стан з вулічнымі паказальнікамі мы расказалі ў папярэднім блоку. Дададзім, што ў Оршы ў 2021 годзе перайменавалі ўсім вядомую краму «Сузор’е» (гэта найменне нават стала неафіцыйнай назвай квартала) у «Продукты». Раней знялі яшчэ адну культавую аршанскую шыльду – «Раніца», замест яе цяпер «Щедрый».
Што да мовы рэкламы, важна адзначыць, што сёння дзейнічае грамадская ініцыятыва «Умовы для мовы», актывісты якой паслядоўна дасылаюць вытворцам запыты, каб на ўпакоўках і этыкетках тавараў была інфармацыя па-беларуску. Часам гэтыя запыты маюць плён, але, на жаль, не заўсёды. Свае адмовы вытворцы тлумачаць невялікім памерам этыкетак, арыентаванасцю на замежны рынак, меркаваным павелічэннем сабекошту прадукцыі пры змене дызайну.
Нарматыўныя прававыя акты, дакументацыя
У 1997 годзе ў Палаце прадстаўнікоў – заканадаўчым органе – дакументы рыхтаваліся толькі на рускай мове, што выклікала пратэст аднаго з дэпутатаў. У тым жа 1997 годзе дырэктар Наваполацкай электрацэнтралі выдаў загад, які прадпісваў весці тэхнічную дакументацыю толькі па-руску. Паводле заявы БХК, у 1998 годзе шэраг устаноў адмаўляўся абслугоўваць грамадзян, выдаваць дакументы на беларускай мове пры запісе актаў грамадзянскага стану.
У наш час Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі на запыт грамадскай ініцыятывы «Умовы для мовы» паведаміў: па стане на 10 верасня 2021 года даведачная база даных змяшчала 195 130 нарматыўных прававых актаў, з якіх 2729 прыняты і/ці выдадзены на беларускай мове, гэта значыць 1,4% – яшчэ ў 2014 годзе іх было 3,1%.
На рэферэндуме 26 лютага 2022 года людзі адмаўляліся галасаваць у тым ліку таму, што не было бюлетэняў на беларускай мове.
Следчыя дзеянні і судаводства
У 1997 годзе былі выпадкі, калі ўдзельнікам судовых працэсаў забаранялі размаўляць на беларускай мове або нават спрабавалі спагнаць з асуджаных аплату перакладчыцкіх паслуг.
У наш час падобных выпадкаў, на жаль, не менее. Часам спробы дамагчыся ад следчых або судовых органаў дзеянняў па-беларуску маюць плён: так, у красавіку 2021 года вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі, якога выклікалі ў якасці сведкі на допыт у Следчы камітэт, запатрабаваў, каб допыт і пратакол вяліся па-беларуску. У выніку следчыя мерапрыемствы былі перанесены, праз некалькі дзён Алеся Бяляцкага дапыталі і выпусцілі. Пратакол, правы сведкі, пытанні падчас допыту, падпіска аб нераскрыцці інфармацыі былі прадстаўлены на беларускай мове.
Але часцей функцыянеры адмаўляюць заяўнікам у беларускамоўным вядзенні працэсуальных дзеянняў. Напрыклад, у 2021 годзе Мікола Папека атрымаў пісьмовы адказ старшыні суда Брэсцкага раёна, што «падстаў для азнаямлення з матэрыяламі справы на беларускай мове няма». Калі на судовым пасяджэнні Мікалай Папека папрасіў суддзю размаўляць з ім па-беларуску, ён пачуў грубую адмову: «Ты не ў тэатры». У тым жа 2021 годзе ў судзе Ленінскага раёна Гродна суддзя Пятрова не задаволіла хадайніцтва Таццяны Кашко наконт вядзення судовага пасяджэння па-беларуску.
Рэпрэсіі, сутыкненні з карнымі органамі, фізічны гвалт
Яшчэ ў 1998 годзе БХК заяўляў пра выпадкі затрымання і збіцця супрацоўнікамі сілавых структур людзей, якія гаварылі на вуліцы па-беларуску.
На жаль, сённяшнія шматлікія факты не менш трывожныя. Так, пасля масавых затрыманняў у 2020 годзе былі сведчанні, што беларускамоўных затрыманых пазначалі фарбаю, каб пасля збіваць з асаблівай жорсткасцю.
У 2021 годзе ў Ваўкавыску затрымалі слухачоў моўных курсаў «Мова нанова», кожны затрыманы мусіў падпісаць паперу, што папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Марыю Ціханаву затрымалі ў Мінску падчас здымак фільма, карэспандэнтка дзяржаўнай газеты «СБ» Людміла Гладкая апытвала яе пад запіс на відэа ў тым ліку наконт таго, чаму Марыя размаўляе па-беларуску. Музыка і журналіст Ілля Маліноўскі распавёў, што падчас затрымання чуў на свой адрас здзеклівыя выразы, абразы і патрабаванні размаўляць па-руску ад супрацоўнікаў Пінскага РУУСа. У Мінску на 15 сутак арыштавалі 65-гадовага Адама Шпакоўскага пасля скаргі суседзяў, што ён «усіх дастаў сваёй беларускай мовай». Палітвязню Валадару (Уладзіміру) Цурпанаву ахоўнікі магілёўскай турмы № 4 дэманстравалі, што не разумеюць ягонай мовы, пасля яго пасадзілі за беларушчыну ў карцар на трое сутак. Супрацоўнік жодзінскага ІЧУ загадаў, каб Зміцер Дашкевіч пісаў у пратаколе па-руску, пасля адмовы ўдарыў яго.
У 2022 годзе палітвязень Алег Кулешапаведаміў у лісце сваякам, што адміністрацыя бабруйскай папраўчай калоніі забараніла яму размаўляць па-беларуску, дзеля гэтага яго выклікалі на гутарку. Алеся Цыркунова затрымалі ў Мінску на ўваходзе ў будынак суда і асудзілі на 15 сутак, у адміністрацыйным пратаколе аб правапарушэнні было запісана, што Цыркуноў затрыманы за бел-чырвона-белую сімволіку і размову па-беларуску. Марыі Каржанеўскай ў Мінску супрацоўнікі ГУБАЗіК загадалі размаўляць на рускай мове. Алесю Капуцкаму супрацоўнікі ІЧУ АУС Маладзечанскага раёна загадалі «Разговаривай с нами на нормальном языке», сукамернікі пры гэтым на беларускую мову рэагавалі вельмі добра.
Такім чынам, разгледжаны матэрыял выразна дэманструе, што моўная дыскрымінацыя ў Беларусі апошнімі гадамі не змяншаецца. Ва ўмовах маштабнага грамадска-палітычнага крызісу, росту самасвядомасці і пошуку беларусамі ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці канфрантацыя дзяржавы і носьбітаў беларускай мовы ў 2020–2022 гадах толькі павялічылася. Беларуская мова застаецца пад пагрозай знікнення, а яе носьбіты і актывісты зазнаюць сур’ёзныя перашкоды, а часам і небяспеку. На нашу думку, надзвычай важна збіраць і агучваць выпадкі як моўнай дыскрымінацыі, так і плённых спроб яе пераадолення.