Рэйд па Акадэміі навук: каля 5 чалавек — на Акрэсціна
Сілавікі ўзяліся за навукоўцаў. Як паведамляе «НН», прыходзілі ў Акадэмію навук.
КДБ прыйшоў у Акадэмію навук і профільныя інстытуты і цэнтры. Усяго затрымліваліся і былі дапытаныя каля 44 супрацоўнікаў, не менш за 5 з іх зараз знаходзяцца на Акрэсціна. У дапытаных узялі падпіскі аб неразгалошванні.
Як паведамляюць ананімныя крыніцы «Н*шай Нівы», супрацоўнікі спецслужб правяралі ў навукоўцаў тэлефоны, фотагалерэі, перапіскі ў Тэлеграме і гісторыі пашукавікоў на працоўных кампутарах. Некаторым прапаноўвалі супрацоўніцтва з КДБ.
«Госці» пабывалі ў Інстытуце біяарганічнай хіміі навукова-прамысловага цэнтра «ХімФармСінтэз», Фізіка-тэхнічным інстытуце, Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытуце філасофіі, а таксама ў прэзідыуме НАН.
Як мяркуе ТГ-канал Антона Матолькі, гэтыя допыты і затрыманні звязаныя з чатам «Навукоўцы супраць гвалту». Паведамляецца таксама, што гэта не першая хваля затрыманняў: у сярэдзіне верасня сілавікі ўжо прыходзілі да «акадэмікаў».