Сябры ГА «БАЖ» усклалі кветкі і запалілі знічы ля французскай амбасады ў Мінску

Журналісты выказалі глыбокія спачуванні з нагоды тэракту ў часопісе Charlie Hebdo амбасадару Францыі Дамінік Газюі і першаму дарадцу дыпламатычнага прадстаўніцтва Эльзе Піньёль.



baj_francyja.jpg

Падчас сустрэчы ў французскай амбасадзе сябры журналісцкай супольнасці яшчэ раз падкрэслілі недапушчальнасць любых нападаў на журналістаў, а асабліва ў мірны час у мірнай краіне.
– Калі нашы калегі скіроўваюцца ў тую ці іншую «гарачую кропку», кожны з іх усведамляе ўзровень рызыкі. Але немагчыма зразумець сітуацыю, калі забойствы журналістаў здараюцца ў мірнай абстаноўцы. Гэта жахліва, і ніякага апраўдання дзеянням тэрарыстаў быць не можа, – адзначыла ў часе сустрэчы старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.
– Часопіс «Charlie Hebdo» з’яўляецца сапраўдным апірышчам свабоды слова ў Францыі, бо актыўна і адкрыта крытыкуе прадстаўнікоў любых сфер грамадскага і палітычнага жыцця. На нашу думку, менавіта такімі – свабоднымі і адкрытымі – павінны быць сродкі масавай інфармацыі ў Францыі і наогул ва ўсім свеце. Трагедыя, што адбылася 7 студзеня, закранула ўвесь французскі народ. Менавіта таму мы лічым, што ўчора ў цэнтры Парыжа мы атрымалі 12 забітых і 66 мільёнаў параненых, – заявіла на сустрэчы першая дарадца амбасадара Францыі ў Беларусі Эльза Піньёль.
У сваю чаргу, сябры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падкрэслілі, што ўчорашняя трагедыя не пакінула абыякавымі і ўсіх беларускіх журналістаў, якім, на жаль, знаёмыя выпадкі забойства журналістаў у мірны час у сваёй краіне.
Сябры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» усклалі кветкі ды запалілі свечкі на ганку амбасады, а таксама пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў, якая ад сённяшняга дня знаходзіцца ў бібліятэцы дыпламатычнага прадстаўніцтва (пл. Свабоды, 11).
baj.by