Сяброў «Еўрапейскага дзеяння» будуць судзіць
Актывістаў культурніцка-асьветніцкага руху «Еўрапейскае дзеянне», затрыманых 24 лютага ў Мінску, будуць судзіць у Цэнтральным райсудзе.
Затрымана каля дзесяці актывістаў, сярод якіх Анатоль Наўмовіч, Мікіта Салановіч, Мікіта Казлоў. Паводле праваабаронцаў, ноч яны правялі ў турме на Акрэсціна.
Як паведаміў карэспандэнту «Свабоды» адзін з сяброў руху, актывісты хацелі выехаць на прыроду і правесці там спартыўныя мерапрыемствы. Але
на месцы збору каля «Мінск-Арэны» іх сустрэў аўтазак. Супрацоўнікі міліцыі патрабавалі выдаць ім сцяг, якога не было, і абвінавацілі
маладзёнаў у тым, што яны нібыта лаяліся матам і кідаліся на мінакоў.
Незарэгістраваны рух «Еўрапейскае дзеянне» — ані партыя, ані аб’яднанне. Ставіць на мэце палітычна-культурнае абнаўленне ўсёй Еўропы, выступае
за адзіную Еўропу. Мае свой сайт.