Што жадаюць Мікалаю Статкевічу ў дзень народзінаў?

Беларускія палітыкі віншуюць палітвязня Мікалая Статкевіча з днём народзінаў. Якія ў іх пажаданні?



statkevich.jpg

Станіслаў Шушкевіч, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі:

— Я жадаю Мікалаю волі, волі і яшчэ раз — волі! Усё астатняе ён знойдзе сам, бо ў яго такая моцная навакольная падтрымка. І мне здаецца, што для беларускіх уладаў наспеў час выпусціць Міколу з-за кратаў.

Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі:

— Я сёння раніцай Міколу павіншавала тэлеграмай, што раблю кожны год, пакуль ён знаходзіцца за кратамі. Самае галоўнае яму — здароўя і цярпення. Няхай мацуе свае сілы, а мы Міколу чакаем на волі.

Аляксандр Казулін, кандыдат у прэзідэнты 2006 года, былы палітвязень:

— Жадаю толькі аднаго — хутчэй выйсці на волю.

Дзмітрый Ус, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010:

— Перш за ўсё жадаю здароўя. Можна прайграць бой, але выйграць стратэгічна, таму Міколу — мудрасці і здароўя. Трэба стаяць рэальна на нагах, а не лётаць у аблоках.

Павел Севярынец, сустаршыня па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”:

— Мікалаю Статкевічу ў дзень народзінаў хацелася б пажадаць вытрымкі, цярпення, і, натуральна, волі. Таму што мужнасць у яго ёсць, годнасць ёсць — і гэта бачыць уся краіна. А разам усе мы молімся і робім што можам, каб Мікалай Віктаравіч быў як мага хутчэй на волі.

Павіншуйце Мікалая Статкевіча з днём народзінаў!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя