Схаваліся ў бункер і самі сябе каранавалі. Чаму на інаўгурацыю не паклікалі Пуціна?
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаўся пра тайную інаўгурацыю ў Мінску.
Станіслаў Шушкевіч распавёў у каментары Радыё Рацыя:
— Ужо ўсім зразумела, што гэты рэжым трымаецца не на народнай падтрымцы, а выключна на сілавіках, якія рэпрэсіямі прымушаюць людзей да “любові” да гэтай улады. Але ніякай любові няма і быць ужо не можа.
Рэжым таксама гэта ведае, а таму зразумеў, што калі аб’явіць інаўгурацыю (альбо паклікаць таго ж Пуціна), то інфармацыя распаўсюдзіцца — і будзе проста шалёны пратэст. Таму зрабілі ўсё таемна, каб не толькі народ пра гэта не ведаў, але і ад высокіх чыноўнікаў усё трымалі ў тайне.
Але трэба разумець, што кіраўніцтва Расіі падтрымала беларускі рэжым. Ім патрэбны паслухмяны чалавек, які будзе выконваць загады Крамля, не стане сябраваць з Захадам, а ўнутры краіны можа рабіць усё што заўгодна.
І, каб быў больш паслухмяны, даюць крэдыт, хаця ўсім зразумела, што грошы пойдуць не на эканоміку краіны, а на падтрыманне рэжыму.
— Але чаму інаўгурацыю не правялі маштабна? Маглі б стварыць масоўку, падаць публіцы ўсё прыгожа…
— Іх масоўка была б кропляй у моры ў параўнанні з тымі, хто пратэстуе. Па-першае, на масоўку зноў патрэбны былі вялікія сродкі. Па-другое, масавы пратэст мог справакаваць жорсткі канфлікт, які невядома чым мог бы закончыцца. Таму перастрахаваліся, схаваліся ў бункер і самі сябе каранавалі.
— Што далей чакае краіну і гэты рэжым, якія многія беларусы лічаць нелегітымным?
— Для рэжыму галоўнае — самазахаванне. Эканоміка — на дне, дыялога з грамадствам няма, яны заклапочаны толькі адным — застацца б на троне, бо без гэтага трона будуць нікім і нічым. Яны трымаюцца толькі на сілавіках, таму сёння практычна ўсе кадры — супрацоўнікі сілавых структур. Але сілавыя структуры ніколі не перамагалі ў барацьбе з народам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя