Сем гадоў змагання за права мець ваду

Хочацца спытаць у чыноўнікаў, як бы яны загаласілі, каб ім па ваду прыйшлося хадзіць за кіламетр 10 гадоў? Як можна так здзекавацца з людзей?

suykovo_voda_11.jpg

Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская змагаецца за тое, каб у вёсцы Суйкава, якая знаходзіцца ўсяго за кіламетр ад Віцебска і побач з трыма азёрамі ды рачулкай, была вада.

У вёсцы вады катастрафічна не хапае. Тут ёсць тры грамадскія калодзежы, з аднаго з якіх ваду ўжываць нельга, і тры прыватныя, якія ўлетку перасыхаюць, а ўзімку вымярзаюць і не могуць забяспечыць жыхароў. У сувязі з тэхнічнымі ўмовамі (гара, гліна, валун) не мае сэнсу рабіць і свідравіны.

suykovo_voda_2.jpg

З 2010 года вяскоўцы вядуць літаральна барацьбу за вадаправод. Шматлікія звароты ва ўсе магчымыя ўстановы не прынеслі вынікаў.

Нас суцяшалі, абнадзейвалі, кляліся і абяцалі, а на самай справе толькі ўводзілі ў зман. У 2015 годзе пасля некалькіх засушлівых гадоў калодзежы і садкі зусім апусцелі, і мы не бачылі іншай магчымасці звярнуць увагу ўладных чыноўнікаў, як толькі звярнуцца да журналістаў. Пасля некалькіх публікацый у СМІ мясцовыя ўлады абвясцілі аб будаўніцтве вадаправоду. Вёска радавалася: усім жа хочацца піць, папрасці бялізну, памыцца... Ды рана весяліліся: грошы, выдзеленыя на будоўлю вадаправоду былі страчаныя на пракладку труб у чыстым полі. Іх проста закапалі ў разліку на міфічны прыбытак ад продажу яшчэ непабудаваных катэджаў”, — адзначыла актывістка.

suykovo_voda_5.jpg
suykovo_voda_3.jpg


Тады намеснік старшыні райвыканкама Павел Шыкшнян патлумачыў, што гэта будзе рэзервовая лінія. У людзей узнікла пытанне: навошта рэзервовая, калі няма асноўнай?..

“Мы працягнулі барацьбу за нармалёвае жыццё. Дамагліся, каб ваду нам прывозілі. Але праз месяц усё вярнулася на старое месца. Маленькая перамога ўсё ж адбылася: вадаправод правялі ў школу, там жа ўсталявалі і прыбіральні ў памяшканні. У 2016-м будоўлю працягнулі: разварацілі дарогі і праклалі аж 100 метраў! І ўзгадалі людзі словы таго ж Шыкняна, што праца будзе завершана гадоў праз 10… Вельмі хочацца спытаць у чыноўнікаў, як бы яны загаласілі, каб ім па ваду прыйшлося хадзіць за кіламетр 10 гадоў? Як можна так здзекавацца з людзей?” — задалася пытаннем Алена Янушкоўская.

У 2017 годзе ўсё паўтарылася спачатку. На прыёме ў главы райвыканкама Генадзя Сабыніча па пытаннях і водаправода, жудасных дарог і іншых праблем Суйкава актывістаў заверылі, што работы ўзновяцца напрыканцы жніўня.

suykovo_voda_4.jpg

 “Але мёртва. Адказ прыйшоў толькі пасля нагадвання, пачатак прац перанеслі на верасень, але зноўку цішыня. 5 кастрычніка аднесла заяву ў пракуратуру па гэтых праблемах. А вярнуўшыся дадому, атрымала ліст за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Героева: "Віцебскі раённы выканаўчы камітэт на Ваш зварот дадаткова паведамляе, што працы па будаўніцтве сетак водазабеспячэння ў в.Суйкава працягнутыя"... Вось гэта нумар! Тэлефаную спадару Героеву: Як так? А спадар-та і не ў курсе. Яму сказалі, што будуюцца, ён і падмахнуў той адказ. Залямантаваў, папрасіў адсачыць, патэліць... Не, ну што гэта такое? Я павінна рабіць за чыноўнікаў іхнюю ж работу, кантраляваць іх жа працу? Усё з ног на галаву... Колькі ж можна тварыць здзек з людзей, парушаць іх надзённыя правы? Як жа можна так жыць у нашай "прававой, сацыяльнай" дзяржаве і каму верыць?” — падкрэсліла Алена Янушкоўская.

bchd.info