Лідары БХД патрабуюць адстаўкі Міністра абароны і пакарання вінаватых у смерці салдат
Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Дзяніс Садоўскі і Максім Гацак сёння, 13 кастрычніка, перадалі калектыўны зварот у Міністэрства абароны, у якім звяртаецца ўвага на праявы дзедаўшчыны ў беларускім войску, якія прыводзяць да трагічных выпадкаў.
Узгадваецца пра па меншай меры тры гвалтоўныя смерці ваеннааслужачых за гэты год. Кіраўнікі БХД патрабуюць адстаўкі Міністра абароны Андрэя Раўкова і кіраўніцтва вайсковых частак, дзе здарыліся трагедыі з салдатамі, празрыстага расследавання гібелі салдат і перагляду ўсёй сістэмы вайсковай службы з мэтай забеспячэння эфектыўных механізма абароны шараговых салдат ад гвалту.
“Мы таксама заклікаем усіх грамадзян паведамляць нам пра ўсе выпадкі гвалту і дзедаўшчыны ў адносінах да іх дзяцей. Толькі разам мы зможам выкараніць гэту ганебную з’яву ў беларускім войску", — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Сёння ўвечары сябры БХД падаюць заяву ў Мінгарвыканкам на правядзенне пікетаў па праблеме дзедаўшчыны і смерці салдат у вайсковай частцы пад Барысавам.