Салон «У лісіцы» зробіць тату за 200 тысяч рублёў, каб выратаваць хворую дзяўчынку

10 жніўня салон татуіроўкі «У лісіцы» запрашае аматараў тату і проста неабыякавых людзей узяць удзел у дабрачыннай акцыі. З 10-й раніцы і да позняга вечара ў салоне можна будзе набіць татуіроўку ўсяго за 200 тысяч рублёў. Выдаткаваныя грошы пойдуць на лячэнне дзяўчынкі Эміліі Конах.

«Нашы тры мастакі падрыхтавалі адмыслова для гэтага дню 13 варыянтаў эскізаў татуіроўкі, — распавядае менеджарка па рэкламе Жаклін. — Усе яны выкананыя ў розных стылях. Таму, мяркую, кожны знойдзе тут нешта сваё. Дарэчы, кошт татуіроўкі будзе ў тры разы таннейшым, чым звычайна. Таму любы студэнт і любы жадаючы зможа яе аплаціць і тым самым унесці свой сціплы ўнёсак у вялікую справу».
Таксама ў гэты дзень на тэрасе салону сыграе гурт «Мамкины бусы», музыкі Аляксандр Памідораў, Міхей Насарогаў і Алесь Таболіч.
«Мы спадзяемся, што гэта будзе не проста дабрачынная акцыя, а сумесная справа, якая прынясе задавальненне і карысць», — рэзюмуе Жаклін.
Арганізатары не выключаюць, што працягнуць падобныя акцыі.
budzma.org