«Рускі мір» прыходзіць у Беларусь праз бібліятэкі

У Магілёве беларускіх дзяцей за сродкі абласнога бюджэту збіраюцца вучыць гісторыі, геаграфіі і культуры Расіі. Прынамсі, гэта вынікае з тэндараў на набыццё літаратуры для Магілёўскай абласной бібліятэкі.

i_033.jpg

На сайце goszakupki.by праводзіцца электронны аўкцыён на набыццё літаратуры для Магілёўскай абласной бібліятэкі. На кнігі плануецца выдаткаваць 50 тысяч беларускіх рублёў (каля 15 720 долараў). І можна было б парадавацца за краіну, якая інвестуе столькі грошай у развіццё культурніцкага патэнцыялу, каб не адзіны факт: выдавецтвы спрэс расійскія («Насця і Мікіта», «МІФ», «Ружовая жырафа», «КомпасГід», «Росмэн», «Махаон» (дадзенае выдавецтва зарэгістравана ў Беларусі, але належыць расійскай выдавецкай групе «Азбука-Атыкус»), «Самакат», «Эксма», «АСТ»), заўважае «Штодзень».

Не менш здзіўляе і выбар кніг. Ёсць у спісе пераклады добрых заходніх аўтараў, дзіцячыя энцыклапедыі і навукова-папулярная літаратура – папоўніць фонды такімі кнігамі было б карысна. Але чаму (за беларускія, нагадаем, грошы!) нашым дзеткам збіраюцца набыць такія выданні, як «Арбат», «ВДНХ. Главная выставка страны», «Бульварное кольцо», «Кремль – сердце Москвы», «О чём молчат башни Кремля?», «Московские высотки», «Необычные дома Москвы», «Паруса России», «Парки Москвы», «Русская изба», «Как жили на Руси», «Мифы Поволжья», «Коломна. Маленький город с большой историей», «Как Пушкин русский язык изменил», «Великие победы генерала Ушакова», «Иркутск. Город сам по себе» і г. д.?!

Набываць надрукаваныя ў Расіі контурныя карты і геаграфічныя атласы ўвогуле недапушчальна, бо межы краін у бачанні РФ моцна адрозніваюцца ад сусветных стандартаў.


Фрагмент спіса выданняў, якія плануецца набыць для Магілёўскай абласной бібліятэкі

Фрагмент спіса выданняў, якія плануецца набыць для Магілёўскай абласной бібліятэкі

У Беларусі налічваецца 566 выдавецтваў (такая колькасць арганізацый уключана ў рэестр  выдаўцоў на сайце Міністэрства інфармацыі). Штогод яны выпускаюць тысячы кніг. Напрыклад, па даных belta.by у 2021 годзе ў РБ выйшла 4647 кніг агульным накладам болей за 10 млн асобнікаў. Магчыма, у Расіі можна знайсці вузкапрофільную навукова-папулярную літаратуру, аналагаў якой у нашай краіне няма. Але калі казаць пра мастацкую літаратуру, то сучасныя беларускія аўтары нічым не горшыя за расійскіх калег.

Літаратараў Беларусі дакладна не бракуе. Саюз беларускіх пісьменнікаў на момант сваёй ліквідацыі ў 2021 годзе налічваў 504 асобы, у Саюз пісьменнікаў Беларусі ўваходзяць больш за 700 асоб. Аўтараў кніг, якія не ўваходзяць у літаратурныя аб’яднанні, падлічыць цяжка, але гаворка дакладна ідзе пра тысячы. Дык чаму мы не ўкладаем грошы ў падтрымку нашых аўтараў і нашых выдавецтваў?

Добрых перакладаў замежнай літаратуры ў беларускай кніжнай прасторы таксама хапае. Навошта набываць у Расіі кнігі пра прыгоды Мамы Му ці Фіндуса і Пэтсана, калі іх можна купіць у сваёй краіне, прычым на роднай мове? Колькі бацькоў жаліцца, што дзетак цяжка прывучыць да беларускай мовы, бо творы ў школьных падручніках не адпавядаюць інтарэсам малых. А такія кнігі яшчэ як заахвоцілі б да чытання.

Глядзіце таксама

На нашую думку, на падбор літаратуры для Магілёўскай абласной бібліятэкі тэарэтычна маглі паўплываць два фактары.

Фактар першы — ідэалагічны

Наколькі расійская ўлада можа ўплываць на прыняцце рашэнняў у Беларусі, простаму беларусу невядома. Цалкам магчыма, што нашая краіна з’яўляецца дэ-факта незалежнай у куды меншай ступені, чым мы думаем, і нават сродкі беларускага бюджэту мы размяркоўваем па ўказцы з Усходу. Высмоктванне рэсурсаў на ваенныя дзеянні панізіла ўзровень дабрабыту расіян, даходы выдавецтваў і кніжнага гандлю крытычна знізіліся, рынак збыту вырашылі пашырыць за кошт беларускіх пакупнікоў.

Пакуль закупка выключна расійскіх кніг на 50 000 беларускіх рублёў адзінкавы выпадак, сур’ёзнай фінансавай падтрымкай яе не назавеш. Але як гэта стане распаўсюджанай практыкай? У сталіцы і кожным абласным цэнтры ёсць абласная, гарадская і раённая бібліятэкі, ёсць бібліятэкі і ў кожным са 118 раёнаў — а гэта ўжо зусім іншыя грошы.

Хочацца верыць, што ўсё ж ідэалогія тут ні пры чым, і гэта толькі нашыя тэарэтычныя разважанні. Але верагоднасць такога развіцця падзей, хай і маленечкая, існуе.

Глядзіце таксама

Больш падобна, што мае месца другі фактар — эканамічны

Расійскія кнігі таннейшыя за беларускія. І гэта не дзіўна. Цана кнігі напрамкі залежыць ад памеру накладу. Патэнцыйны рынак для расійскіх кніг — каля 150 млн чытачоў (гэта не толькі РФ, але і рускамоўныя чытачы з іншых краін), таму наклад можа быць і некалькі дзясяткаў тысяч асобнікаў. Беларускія ж выдаўцы могуць разлічваць на менш чым дзесяцімільённы рынак, адпаведна, наклад у 1000 штук ужо лічыцца неблагім (часам цудоўныя выданні існуюць у колькасці ўсяго некалькі соцень штук).

Бібліятэкам штогод даводзяцца планы па абнаўленні фондаў, але грошай на гэта выдзяляюць замала (ці ўвогуле не выдзяляюць). Каб забяспечыць паказчыкі, набываюцца самыя танныя – у значнай колькасці расійскія — кнігі. Таму і чытаюць беларускія дзеткі кнігі пра Мурам ці Калінінград, а не пра Магілёў ды Гомель.

Праблема выцяснення беларускіх выданняў расійскімі даволі сур’ёзная. Часткова выправіць становішча маглі б некаторыя заканадаўчыя меры. З бібліятэкамі ўсё проста: за бюджэтныя грошы варта набываць кнігі, выдадзеныя ў Беларусі. Паўплываць на набыццё кніг фізічнымі асобамі куды цяжэй. Можна было б увесці падатак на імпартныя кнігі, што зраўняла б іх кошт з беларускімі. Але тады пакупнікі, замест Белкнігі ці OZ.by, больш набывалі б у расійскіх інтэрнэт-крамах — пры адсутнасці мяжы гэта не праблема.

Глабальнае вырашэнне гэтай праблемы існуе толькі адно — вяртанне беларусаў да роднай мовы. Калі б чытачы былі прызвычаеныя да чытання па-беларуску, расійскія кнігі аўтаматычна перасталі б ствараць сур’ёзную канкурэнцыю.

Глядзіце таксама