РПЦ разарвала адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам
Кіраўніцтва РПЦ не прыняло рашэнняў Канстанцінопаля і вырашыла разарваць усе стасункі з Сусветным патрыярхатам Канстанцінопаля.
Сінод Рускай праваслаўнай царквы вырашыў цалкам
разарваць адносіны з Сусветным патрыярхатам Канстанцінопаля, паведаміў на
брыфінгу пасля заканчэння сінода ў Мінску кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных
сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Іларыён.
Гэты крок РПЦ стаў адказам на рашэнне сінода Канстанцінопальскага патрыярхату пачаць працэс прадастаўлення аўтакефаліі (незалежнасці) праваслаўнай царкве, якую ў хуткім часе плануюць стварыць на Украіне.
Нагадаем, 11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат зняў анафему (адлучэнне ад царквы) з кіраўніка Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэта і адмяніў дакумент 17 стагоддзя, па якім, як лічыць РПЦ, у яе юрысдыкцыю былі перададзеныя тэрыторыі цяперашняй Украіны.
Прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага Кірыла Аляксандр Волкаў заявіў, што, прыняўшы такія рашэнні, Канстанцінопаль "перайшоў чырвоную рысу", сённяшні сінод павінен быў даць "адэкватны і жорсткі адказ" на крокі Канстанцінопаля.
"Усе гэтыя рашэнні з пункту гледжання РПЦ з'яўляецца незаконнымі. РПЦ не пагаджаецца з гэтымі рашэннямі і не будзе іх прытрымлівацца. Раскол застаецца расколам", — заявіў у панядзелак Іларыён.
"Уступленне ў зносіны з тымі, хто схіліўся да расколу, а тым больш адлучанымі ад царквы, раўнавартаснае ўхіленню ў раскол і сурова асуджаецца канонамі святой царквы", — сказана ў заяве.
На думку РПЦ, Канстанцінопальскі патрыярхат не меў кананічных правоў для адмены прынятых раней судовых рашэнняў — у прыватнасці, наконт адлучэння Філарэта. "Просім архіпастыраў, духавенства, законнікаў і міран усёй Рускай праваслаўнай царквы ўзмацніць малітвы аб адзінаверных братах і сёстрах ва Украіне", — гаворыцца ў заяве.
Разрыў стасункаў з Канстанцінопалем азначае, што вернікі Рускай праваслаўнай царквы не змогуць прычашчацца ў храмах Канстанцінопаля, а святары і іерархі не змогуць здзяйсняць сумесныя набажэнствы.
Паводле ВВС