Родныя расстралянага Уладзіслава Кавалёва звярнуліся да Генеральнага пракурора

Любоў Кавалёва — маці Уладзіслава Кавалёва, аднаго з расстраляных 2 гады таму па абвінавачванні ў здзяйсненні тэракта ў мінскім метро, і ягоная сястра Таццяна Казяр накіравалі Генеральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку заяву з патрабаваннем узнавіць расследаванне справы па адкрытых новых абставінах з наступнай рэабілітацыяй.



kavaleva_lubou_placha.jpg

Гэтымі новымі абставінамі яны лічаць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, згодна з якім дзяржава парушыла права на жыццё асуджанага, а таксама шэраг правоў, гарантаваных нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі: забарона ўжывання фізічнай сілы, прэзумпцыя невінаватасці, стандарты справядлівага правасуддзя.

Заяўнікі адзначаюць, што выяўленыя парушэнні могуць быць выпраўлены толькі шляхам перагляду крымінальнай справы:

Гэта адзіная магчымасць на цяперашні час перагледзець справу і рэабілітаваць Уладзіслава, — пагаджаецца са сваякамі праваабаронца Раман Кісляк. — Паколькі з рашэння Камітэта вынікае, што пры разглядзе справы былі дапушчаны шматлікія працэсуальныя парушэнні і парушэнні мінімальных стандартаў справядлівага правасуддзя.

Камітэт вынес рашэнне згодна Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўнаму пратаколу, які Беларусь падпісала і ратыфікавала.

 
spring96.org