Родныя не атрымалі ад Дзяніса Івашына аніводнага ліста
Наш калега Дзяніс Івашын амаль месяц сядзіць у СІЗА гродзенскай турмы. Ён расследаваў, як былыя ўкраінскія беркутаўцы ўладкоўваюцца на працу ў беларускі АМАП.
Як расказала «Свабодзе» жонка затрыманага журналіста Вольга Івашына, Дзяніс спачатку сядзеў адзін у камеры. Прыкладна 2 тыдні таму яго перавялі ў камеру з яшчэ двума вязнямі. Наколькі вядома сваякам, сукамэрнікі не «палітычныя».
«Дзяніс нават павесялеў, што не аднаму цяпер сядзець», — кажа жонка.
Па здароўі ён адчувае сябе нармальна. На ўмовы цяпер не скардзіцца. Раней у яго была халодная камера, дзе не зачынялася фортка.
Перадачы Івашыну перадаюць. Акрамя звычайных бытавых рэчаў, ён прасіў прысмакі на Вялікдзень і сала.
«Велікодныя яйкі нават не спрабавалі перадаць, бо іх не бяруць», — тлумачыць Вольга.
Гадзіннік на руку пакуль не ўдалося перадаць праз турэмныя абмежаванні.
Вядома, што лісты да палітвязня даходзяць, — і ад сваякоў, і ад сяброў. Але ад яго на волю пакуль нічога не прыйшло.
Следчыя дзеянні з Івашыным вялі толькі на самым пачатку. Ён адмовіўся даваць паказанні.
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачанне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязанае з яго апошнім расследаваннем пра былых украінскіх беркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв'ю расійскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время» з нагоды гэтай яго працы.