Рэзідэнты ПВТ павінны будуць усталяваць дзяржаўныя сцягі на дахах сваіх будынкаў
Пакуль толькі ў адным раёне Мінска, але...
У рэдакцыю TUT.BY даслалі дакумент, у якім гаворыцца пра
неабходнасць усталяваць дзяржаўныя сцягі Беларусі на дахах будынкаў рэзідэнтаў
Парку высокіх тэхналогій. У ПВТ пацвердзілі сапраўднасць дакумента, дадаўшы,
што гэта зварот атрыманы з адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, адпаведна,
гэты ліст атрымалі толькі рэзідэнты Першамайскага раёна.
У лісце ёсць спасылка на рашэнне Мінгарвыканкама, дзе ў тым ліку ёсць «план дадатковых мер па забеспячэнню грамадскага парадку і бяспекі, дысцыпліны, навядзення парадку на тэрыторыі г. Мінска».
Адзначаецца, што сярод іншых задач Мінгарвыканкам і адміністрацыі раёнаў павінны арганізаваць «работы па папулярызацыі і размяшчэнні дзяржаўнай сімволікі», прычым тэрмін выканання пазначаны як «пастаянны».
У адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска паведамілі,
што памер і размяшчэнне сцяга кампаніі могуць ўдакладніць у адміністрацыі
свайго раёна.
Гэта не першы выпадак, калі арганізацыя павінна вывесіць
чырвона-зялёны сцяг. Так, у снежні паведамлялася аб праверках у крамах сеткі «Віталюр» — па непацверджанай інфармацыі, прычынай сталі
афіцыйныя сцягі, якія гарадскія ўлады абавязвалі вывесіць на крамах сеткі. І,
верагодна, у сувязі з тым, што дадзеная ініцыятыва не знайшла разумення, на
аб'екты наведалася санстанцыя.