Распачаты збор подпісаў супраць незамоўленых платных паслуг мабільных аператараў
На сайце Petitiions.by распачаўся збор подпісаў за ўрэгуляванне ўмоў падпіскі на забаўляльныя парталы і іншыя платныя паслугі мабільных аператараў. Зварот апублікаваў мінскі блогер Антон Матолька, піша svaboda.org.
У петыцыі згадваюцца розныя выпадкі, калі абаненты высвятлялі, што яны падпісаныя на платныя сэрвісы, на якія не збіраліся падпісвацца.
Так, адзін абанент life:) расказваў, што атрымаў платную падпіску на эратычны канал, але міліцыя выявіла, што ён сам «падпісаўся» на паслугу, націснуўшы на адным з сайтаў кнопку «глядзець» (без згадкі пра тое, што «глядзець» каштуе дадатковых 1,4 рубля на тыдзень за мабільную сувязь). Іншы абанент МТС — што нават пасля таго, як яму дадалі паслугу «адмова ад інтэрнэт-падпіскі», у яго з'явіліся новыя непажаданыя платныя паслугі «Гульні» за 20 капеек на дзень.
Калі абанент «падпісваецца» на нейкія падобныя платныя паслугі, то атрымлівае SMS з паведамленнем пра падпіску і цаной. Але абаненты наракаюць: з паведамленняў не заўсёды ясна, што гэта не рэклама паслугі, а паведамленне пра ўжо здзейсненую падпіску. Да таго ж абаненты скардзяцца, што такія паведамленні могуць прыйсці і пасярод ночы.
У петыцыі згадваецца, што паўтара года таму Міністэрства сувязі прыняла пастанову, паводле якой аператары абавязаныя даць абаненту права адмовіцца ад непажаданых SMS-рассылак. Цяпер міністэрства мелася б заняцца тым, што аператары нярэдка называюць «выпадковымі націсканнямі» з боку абанентаў.
Працэдуру падпіскі на платныя сэрвісы прапануецца зрабіць больш складанай, з абавязковым пацверджаннем падпіскі перад тым, як яна будзе актываваная, а таксама з лістом пра цану падключэння паслугі і памерам абаненцкай платы, спосабам адключэння і копіяй дамовы аб аказанні паслугі.