Расіец скакаў праз Вечны агонь у Мінску. Цяпер у СІЗА, пагражае да трох гадоў калоніі
35-гадовага расійца будуць судзіць за скачкі праз Вечны агонь на плошчы Перамогі ў Мінску. Яго абвінавачваюць у хуліганстве, паведамляе «Мінск-Навіны».
Паведамляецца, што мужчына часта бываў у Мінску па працоўных
пытаннях, у адзін з прыездаў ён папрасіў свайго прыяцеля сфатаграфаваць яго на
фоне мемарыяла на плошчы Перамогі, у тым ліку — у скачку над Вечным агнём.
Мужчыны зрабілі фота і з'ехалі, аднак нібыта нехта патэлефанаваў у міліцыю. У выніку расейца затрымалі падчас наступнай
камандзіроўкі.
Абвінавачаны — выпускнік ваеннага ВНУ, некаторы час служыў у арміі, працуе менэджэрам у прыватнай расійскай кампаніі, жанаты, мае дваіх дзяцей. Да вынясення прысуду мужчына будзе знаходзіцца ў СІЗА. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.