Рацыянальнае спажыванне і экалагічны адбітак
Старшакласнікі ў Гомелі прапанавалі ідэі для вырашэння глабальных экалагічных праблем.
29 лютага ў Гомелі адбыўся чацвёрты рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў. Ён з’яўляецца часткай сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Каля 130 вучняў з Гомеля, Жлобіна, Бабруйска, Маладзечна, Крэва і Мінска сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя пытанні ў сферы экалогіі.
Школьнікам дэманстравалі ролікі выступленняў вядомых у сферы экалогіі спікераў, у тым ліку і прамову сусветна вядомай экаактывісткі Грэты Тунберг. Іх пракаментавалі эксперты — Ірына Ляніўка, каардынатар экалагічных праектаў Гомельскай абласной асацыяцыі дзяцей і моладзі, і Наста Захарэвіч, прадстаўніца «Зялёнага партала», блогерка і калумністка. Яны паставілі перад удзельнікамі крэатона пытанні для абмеркавання. Пасля гэтага старшакласнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў генерыравалі ідэі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй.
Першае разгледжанае ўдзельнікамі пытанне: што можа зрабіць кожны з нас, каб зменшыць наступствы змянення клімату і мінімізаваць свой «экалагічны адбітак»? Падлеткі прапанавалі распаўсюдзіць сонечныя батарэі, пашырыць выкарыстоўванне экалагічнага транспарту — веласіпедаў, электробусаў, адкрыць пункты збору пластыка і прапагандаваць яго правільную ўтылізацыю.
На думку ўдзельнікаў крэатона, трэба як мага больш распавядаць грамадству пра неабходнасць раздзельнага збору смецця, а каб людзі бачылі вынік свайго несвядомага стаўлення да прыроды, ладзіць экскурсіі на сметнікі і забруджаныя выкідамі тэрыторыі.
Другая задача, якую паставілі перад ўдзельнікамі, — прапанаваць ідэі, як кожны з нас можа перайсці да рацыянальнага спажывання. Школьнікі прапанавалі распрацаваць маштабную PR-кампанію «Скажы не пластыку!» і замяніць шматразовыя пакеты і посуд экалагічнай альтэрнатывай, а таксама з дзяцінства прывіваць культуру свядомага стаўлення да экалогіі. Старшакласнікі прапанавалі распрацаваць гаджэт, які кантралюе расход пітной вады, і мабільны дадатак для размяшчэння актуальнай інфармацыі аб узроўні забруджвання паветра ў буйных беларускіх гарадах.
Усе прапанаваныя старшакласнікамі ідэі разглядалі эксперты па экалогіі і прадстаўнікі кампаніі А1. Яны звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задумаў і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі.
Каманды, якія прапанавалі самыя цікавыя ідэі, атрымалі падарункі, а ўсе выступоўцы — карысныя парады ды каментары ад экспертаў. Напрыканцы мерапрыемства журы вызначыла найлепшага прамоўцу крэатона. Ім стала Ангеліна Себік з Гомеля.
Тэматычныя крэатоны ўжо адбыліся ў Віцебску, Магілёве, Гродне і сабралі больш за сотню ўдзельнікаў кожны. Старшакласнікі абмяркоўвалі праекты ў музейнай справе, дызайне і архітэктуры, інклюзіі, сучасных тэхналогіях. Крэатон у Гомелі стаў апошнім ў навучальным этапе сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”.
«Першыя» — гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Зараз ідзе апошні тыдзень збору заявак. Да 8 сакавіка вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі яшчэ могуць прапанаваць сваю ідэю. Для гэтага патрэбна зарэгістравацца на сайце конкурсу www.generation.A1.by.
У фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз — iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk.
Больш падрабязнай інфармацыі — на сайце www.generation.A1.by і ў суполцы праекта «Першыя».
Паводле прэс-рэлізу