Праваабаронцы: 29 лістапада ў Беларусі затрымана больш за 350 чалавек
За сённяшні дзень у Беларусі 359 затрымана чалавек. Такую колькасць паведамляе на 22:22 пазбаўлены акрэдытацыі праваабарончы цэнтр «Вясна».
Абсалютная большасць была затрыманая ў Мінску, дзе ў розных раёнах людзі сабраліся на акцыю пратэсту пад назвай «Марш суседзяў». Пра трох затрыманых у Мінску паведамляецца, што іх выцягнулі з аўто. Людзей затрымлівалі таксама ў Дзяржынску, Ляхавічах, Бараўлянах, Брэсце, Віцебску, Гродне, Лідзе, Жодзіна, Іўе, Смалявічах, Маладзечне, Баранавічах, пасёлку Лясным і вёсцы Каробчыцы, піша REFORM.by.
Пра шэраг затрыманых у Мінску паведамляецца, што яны знаходзяцца ў сталічных РУУС, адзін чалавек — у 5-й гарадской клінічнай бальніцы, адзін — у траўмапункце на вуліцы Якубоўскага, некалькі — у Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Пра аднаго чалавека гаворыцца, што яго забралі ў ваенны шпіталь. Некаторых з РУУС павезлі на «хуткіх». У шасці прозвішчаў у спісе стаіць адзнака «непаўнагадовы». Многія са спісу лічацца ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна.
У Брэсце сёння былі затрыманыя журналісты Станіслаў Коршунаў («Брэсцкая газета» і TUT.by) і Максім Хлябец, пазней іх адпусцілі з РАУС. У Мінску затрыманая журналістка Іна Дабратвор, паведамляецца, што яна маці пяцярых непаўналетніх дзяцей. Таксама ў спісе затрыманых — журналістка «Новага часу» Яна Трусіла.
Таксама ў Мінску сёння была затрыманая актрыса Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра, выканаўца адной з галоўных роляў у фільме «Купала», Алена Гіронак (Пабегаева) і вядомы эканаміст і член асноўнага складу Каардынацыйнага савета Дзмітрый Крук.