Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская афіцыйна арыштаваная па крымінальнай справе

Пра гэта паведаміў муж Таццяны Уладзімір Яворскі «Свабодзе». У чацвер, 8 красавіка, над усімі затрыманымі актывісткамі «Звяна» прайшлі адміністрацыйныя працэсы.

Таццяна Гацура-Яворская

Таццяна Гацура-Яворская

Заснавальніцу грамадскага аб’яднання «Звяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Таццяну Гацура-Яворскую затрымалі 6 красавіка. Напярэдадні супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрусы ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы Таццяны. Следчыя дзеянні праводзіліся ў межах справы па арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Фінансаванне або матэрыяльнае забеспячэнне беспарадкаў».

За дзень да затрымання Таццяны Гацура-Яворскай сілавікі правялі ператрусы яшчэ ў дзвюх арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» — Наталлі Трэнінай і Юліі Сяменчанкі. Абедзве яны цяпер таксама за кратамі.

Як стала вядома «Свабодзе», у чацвер, 8 красавіка, над затрыманымі актывісткамі прайшлі адміністрацыйныя суды. Трое з іх атрымалі штрафы, у тым ліку Таццяна Гацура-Яворская. Акрамя штрафу, Таццяне таксама выставілі абвінавачанне паводле крымінальнага артыкула.

«Сёння ўсіх затрыманых актывістак „Звяна“ судзілі ў адміністрацыйных справах, у тым ліку Таццяну, — расказаў «Свабодзе» муж Таццяны Гацура-Яворскай Уладзімір. — Таццяне далі штраф, 50 базавых, і маглі сёння выпусціць. Мы чакалі ля ІЧУ. У выніку адвакатка сказала, што ў Таццяны іншы статус, яна затрыманая па крымінальнай справе. Што гэта за справа, канкрэтна мы пакуль не ведаем. Ахова ІЧУ не паведамляла дэталей. Агулам сёння судзілі пяцярых затрыманых. Аднаго чалавека адпусцілі са штрафам, яшчэ траім далі па сем сутак, яны будуць пад вартай да панядзелка. Усіх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўным органам».

Арганізацыя «Звяно» рыхтуе афіцыйную заяву аб арыштах актывістак.

Тацяна Гацура-Яворская — маці чацвярых дзяцей. Яна — арганізатарка вялікай колькасці культурных ініцыятыў, у тым ліку WATCH DOCS Belarus — міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно аб правах чалавека, які праводзіцца з 2015 года.

Заснаванае ёю аб’яднанне «Звяно» выступіла ініцыятарам выставы «Машына дыхае, а я — не», прысвечанай адданай працы медыкаў, якія змагаюцца з каронавірусам.